Другі рэспубліканскі злёт падводных паляўнічых адбыўся пад Браславам +фота

Новости

 Сказаць, што на Панцялееўскім рагу ў мінулыя выхадныя не было дзе яблыку ўпасці, гэта значыць— нічога не сказаць. Тры дні тут праходзіў другі рэспубліканскі злёт падводных паляўнічых. Прыехалі на яго не толькі непасрэдныя ўдзельнікі палявавання, а іх было каля 200 чалавек з розных куточкаў Беларусі, але і члены іх сямей, сябры, знаёмыя, і зноў жа не толькі з нашай краіны, а і з Расіі, Латвіі, Украіны. Самаму маленькаму турысту толькі-толькі споўнілася 8 месяцаў, а самы сталы быў ужо на заслужаным адпачынку. Свае палатачныя лагеры на беразе возера Струста размясцілі каля пяцісот чалавек, якія з задавальненнем назіралі не толькі за тым, з якім уловам выйдзе на бераг “паляўнічы” за рыбай, а і з карысцю для сябе і свайго здароўя бавілі вольны час.

Адзін з арганізатараў мерапрыемства браслаўчанін Сяргей Садоўскі і прафесійны дайвер, падводны паляўнічы, кіраўнік клуба “Капітан Морган” Валерый Сінкевіч неаднойчы ў час размовы падкрэслівалі, што людзі сабраліся на такое цудоўнае мерапрыемства не дзеля таго, каб “папаляваць” на шчупака, ліня ды ляшча, а каб сустрэцца з сябрамі, абмяняцца вопытам, удасканаліць сваё майстэрства.
Прыемна здзівіла, што сярод аматараў падводнага палявання нямала жанчын. Па іх прызнанні, у асноўным іх захапіла такое хобі дзякуючы мужам.

На злёце было шмат цікавых конкурсаў, гульняў. Аднак, думаю, не пакрыўлю душой, калі скажу, што прыўзняты настрой па вечарах ствараў мясцовы калектыў “Лейсвер”. Яго кіраўнік Сяргей Бараноўскі цяпер сабраў у кавер-групу, якая выконвае замежныя хіты, знакамітыя песні савецкіх часоў і сучасныя ў аўтарскай аранжыроўцы, маладых і таленавітых музыкантаў і выканаўцаў Аляксандра Янушкевіча і Алега Валяўку. Іх канцэрт не мог пакінуць нікога раўнадушным, ад аматараў ацэнкі добрых песень да сапраўдных знатакоў гэтага мастацтва.
Тэкст і фота Зінаіды Палулех.