На працягу 14-ці гадоў развіваецца і ўмацоўваецца прыгранічнае супрацоўніцтва ў рамках еўрарэгіёна “Азёрны край”.
За апошнія гады супрацоўніцтва закранула не толькі транспарт, гандаль, але і экалогію, адукацыю, культуру, інфармацыйныя тэхналогіі.
Зразумела, што кожны раён, удзельнік еўрарэгіёна, мае адметны патэнцыял. І каб абмеркаваць новыя аспекты супрацоўніцтва, падзяліцца вопытам, прадстаўнікі краін-суседак збіраюцца перыядычна на пасяджэнні. На 27-ым пасяджэнні савета еўрарэгіёна “Азёрны край”, якое адбылося 8 чэрвеня ў Ігналіне, мэр Ігналінскага раённага самакіравання Броніс Ропэ, консул Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе Юрый Давыдоўскі падкрэслілі, што рэалізуемыя праекты паміж прыгранічнымі самакіраваннямі ў розных сферах дзейнасці павінны абавязкова працаваць у інтарэсах людзей і быць ім патрэбнымі. У прыватнасці, Юрый Давыдоўскі падкрэсліў таксама, што больш цеснаму супрацоўніцтву будзе садзейнічаць і перасячэнне граніцы ў спрошчаным парадку для жыхароў прыгранічных тэрыторый Латвіі і Беларусі.
Ігналіна сапраўды, як і наша сінявокая Браслаўшчына, настройвае на адпачынак і спакой. Гэта край азёр і лясоў. Калі нашу Браслаўшчыну ўпрыгожвае больш за 300 азёр, то Ігналінскі край – каля 200. У раёне знаходзіцца большая частка тэрыторыі вядомага далёка за межамі Літвы Аўкштайційскага нацыянальнага парка. Дарэчы, удзельнікі пасяджэння змаглі пазнаёміцца з некаторымі самымі знакамітымі яго аб’ектамі і цудоўнымі мясцінамі. Што адметна, у вёсцы Палушэ паблізу Ігналіны пачынаюцца турыстычныя паходы і водныя маршруты. Па водным шляху можна дабрацца да самага Балтыйскага мора. Кіраўніцтва нацыянальнага парка і Ігналінскага раёна зацікаўлены ў тым, каб такія водныя падарожжы можна было ажыццяўляць разам з беларускімі партнёрамі еўрарэгіёна.
На пасяджэнні савета выступіла і старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Яна падрабязна расказала пра супрацоўніцтва з краінамі-суседкамі, якія ўваходзяць у “Азёрны край”. Непасрэдна ў нашым раёне НП “Браслаўскія азёры” і НП “Разна” (Латвія) рэалізуецца праект па стварэнні асабліва ахоўваемай тэрыторыі, Краслаўскай краявой думай і Браслаўскім райвыканкамам – праект “Суседская дарога” па паляпшэнні інфраструктуры пункту пропуску Каплава-Плюсы..
Заслугоўваюць увагі таксама праекты “Трэці крок у стратэгіі еўрарэгіёна “Азёрны край”, “Малыя рэкі – вялікія праблемы”, “Фарміраванне здаровага ладу жыцця ў прыгранічных раёнах Латвіі і Беларусі”, “Паляпшэнне кулінарнага сэрвісу ў Латгальскім і Віцебскім рэгіёнах” і г.д.
Эстафету правядзення наступнага пасяджэння савета еўрарэгіёна “Азёрны край” прыняў Верхнядзвінскі раён.
Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.