Браслаўская сярэдняя школа №1 – адзіная імянная школа ў раёне. Кожны год 17 сакавіка ў дзень нараджэння Аляксея Мітрафанавіча Жданава, Героя Савецкага Саюза, у школе праходзіць лінейка ў яго гонар. У мінулую суботу з асаблівай урачыстасцю ў школе адбылася Лінейка Памяці, прысвечаная 95-годдзю са дня нараджэння А.М. Жданава, чыё імя школа носіць ужо больш за 45 год.
Падчас правядзення лінейкі вучням была прадстаўлена прэзентацыя, у якой сабраны цікавыя аўтабіяграфічныя звесткі пра героя, яго фотаздымкі ваенных гадоў. Вучні школы даведаліся пра дзіцячыя гады Аляксея Мітрафанавіча, пра яго настаўніцкую дзейнасць (ён быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры), пазнаёміліся з успамінамі яго былых вучняў і франтавых таварышаў. Вучні старэйшых класаў чыталі вершы, прысвечаныя герою. Пры стварэнні прэзентацыі былі выкарыстаны матэрыялы Круглоўскай сярэдняй школы імя А.М. Жданава, якая знаходзіцца ў сяле Круглае Белагародскай вобласці ў Расіі. У гэтай школе Аляксей Мітрафанавіч вучыўся, і ў 1967 годзе школе таксама як і Браслаўскай СШ№1 было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза А.М. Жданава. Такім чынам краязнаўчая праца прывяла да наладжвання міжнародных сувязей з расійскай установай адукацыі. Не пакінуў абыякавымі нікога на Лінейцы Памяці і відэаролік “Дарогамі А.М.Жданава”, зняты вучнямі 7-х класаў, удзельнікамі клуба “Пошук”, пра паход на месца гібелі Героя СССР у вёсцы Бейнары. Членамі клуба вядзецца вялікая праца па наведзенні парадку і на месцы гібелі Жданава, і на тэрыторыі воінскіх пахаванняў у горадзе Браславе. У планах клуба “Пошук” далейшае добраўпарадкаванне месца гібелі А.М.Жданава, дзе ўстаноўлены памятны знак у в. Бейнары, а таксама больш цеснае наладжванне і развіццё сувязей з Круглоўскай сярэдняй школай імя А.М.Жданава ў Расіі, вынікам чаго, спадзяюцца члены аб’яднання, стане стварэнне віртуальнага музея Героя Савецкага Саюза ў школе.
Закончылася Лінейка Памяці хвілінай маўчання ў гонар тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пасля лінейкі вучні сярэдняй школы №1 урачыста паклалі кветкі на мемарыяльную дошку з імем Героя Савецкага Саюза Аляксея Мітрафанавіча Жданава ля помніка на брацкай магіле воінам і партызанам.
Тэкст — Надзея Малышава. Відэа і фотаздымкі — СШ№1 г.Браслава