У Браславе прайшоў справаздачны канцэрт дзіцячых калектываў «Такт» і «Раніца»

Новости
На сцэне Раённага цэнтра культуры сваю творчасць паказалі дзіцячыя калектывы «Такт» і «Раніца».

На справаздачнае мерапрыемства запрасілі бацькоў танцораў і вакалістаў, а таксама ўсіх прыхільнікаў творчасці. На працягу паўтары гадзіны дзеці паказвалі свае ўменні, лепшыя харэаграфічныя пастаноўкі і песні.

Гледачы сустракалі «Такт» апладысментамі. Узорны харэаграфічны калектыў існуе ў Браслаўскім РЦК ужо 21 год. Ганаровае званне ён атрымаў у 2007 годзе пад кіраўніцтвам Святланы Кажапенька. За гэты час у ім змянілася не адно пакаленне танцораў, а некаторыя ўжо прыводзяць на заняткі сваіх дзяцей. Цяпер калектывам кіруе Юлія Кеніньш. У харэографа займаюцца тры рознаўзроставыя групы. Дзеці рэгулярна ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах і конкурсах, дзе займаюць прызавыя месцы.

Цёпла прымалі гледачы і яшчэ адзін цудоўны калектыў РЦК, якім кіруе Аляксандра Раманская. Творчы педагог згуртавала вакол сябе і аб’яднала ў вакальную групу «Раніца» таленавітых дзяцей. Кожнае выступленне юных браслаўчан заварожвае майстэрствам, шматгалоссем, філіграннасцю галасоў і рэпертуарам. Нумары ў іх выкананні сапраўды ўпрыгожваюць любое мерапрыемства.

Канцэрт атрымаўся яркім і цікавым дзякуючы старанням дзяцей і іх кіраўнікоў. Акрамя таго, напрыканцы мерапрыемства Юлія Кеніньш і Аляксандра Раманская атрымалі за сваю дзейнасць падзякі кіраўніцтва ўстановы. ■