Аляксандр Лукашэнка наведаў Зорны гарадок

Новости

Аляксандр Лукашэнка наведаў Навукова-даследчы выпрабавальны цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына ў падмаскоўным Зорным гарадку.

Нагадаем, цяпер на базе цэнтра праходзяць адбор прэтэндэнты на палёт у космас ад Беларусі. Гэта шасцёра дзяўчат. Чакаецца, што пасля Новага года вызначаць асноўнага і дублюючага кандыдата.

Далей іх чакае вельмі сур’ёзная падрыхтоўка. Асноўная падзея – касмічны палёт – плануецца на 2023 год.

У рамках візіту ў Зорны гарадок Прэзідэнт нашай краіны пагутарыў з беларускімі прэтэндэнтамі, падрабязна пазнаёміўся з работай цэнтра, сістэмай адбору і падрыхтоўкі касманаўтаў.

Між тым сёння ўпэўнена развіваецца і айчынная касмічная галіна. У краіне выпускаюць аптычныя сістэмы высокага распазнавання для спадарожнікаў, касмічныя люстэркі, апаратуру для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Беларусь з’яўляецца паўнапраўным і актыўным удзельнікам Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

У беларускай касмічнай галіне задзейнічана больш за 20 навуковых і вытворчых арганізацый, дзе працуюць каля 4 тыс. кваліфікаваных спецыялістаў, сфарміравана буйная стратэгічная сістэма даследаванняў космасу.

Што тычыцца людзей, то ўраджэнцы Беларусі ўжо тройчы ляталі ў космас. Першым беларусам на арбіце ў 1973 годзе стаў лётчыккасманаўт двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук. Тры палёты (у 1977, 1978 і 1981 гадах) і на рахунку Уладзіміра Кавалёнка, таксама двойчы Героя Савецкага Саюза. Нарэшце, грамадзянін і Герой Расіі, але ўраджэнец Беларусі Алег Навіцкі пакараў касмічныя вяршыні ў 2012, 2016 і 2021 гадах. Беларускія карані маюць і многія іншыя касманаўты і канструктары, чыя працоўная дзейнасць была накіравана на заваяванне космасу.

Сёння ў Беларусі тры касмічныя апараты: спадарожнік БДУ – BSUSat-1 – знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства адукацыі, «Белінтэрсат-1» належыць Дзяржаўнаму ваенна-прамысловаму камітэту і вядомы БКА – апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі – створаны па заказе Нацыянальнай акадэміі навук. ■

 

Па матэрыялах БелТА.