Браслаўчане сталі лаўрэатамі абласнога валанцёрскага злёту

Новости
У Віцебску ўзнагародзілі лепшых цімураўцаў і валанцёраў, а таксама арганізатараў гэтага руху ў вобласці. З усіх куткоў Прыдзвіння ў Палацы дзяцей і моладзі сабраліся школьнікі і іх педагогі, дзейнасць якіх засноўваецца на бескарыслівай дапамозе іншым, каб падвесці вынікі і абмяняцца вопытам у сучасным фармаце. Сярод удзельнікаў II Абласнога злёту валанцёрскіх і цімураўскіх атрадаў «Адкрытае сэрца» былі і браслаўчане.
ЛЕПШЫЯ ЦІМУРАЎЦЫ ВОБЛАСЦІ

Варта адзначыць, што ўсе юныя добраахвотнікі прайшлі папярэдні адбор і на злёт былі запрошаны толькі лепшыя з іх, каб, як кажуць, на людзей паглядзець ды сябе паказаць. У абласны топ-8 увайшоў і атрад «МЫ» Опсаўскай сярэдняй школы.

Самым хвалюючым і запамінальным момантам форуму стала прадстаўленне цімураўцаў з розных рэгіёнаў і іх узнагароджанне на вялікай сцэне Палаца дзяцей і моладзі. Хлопцы і дзяўчаты з Опсы падрыхтавалі яскравае і арыгінальнае выступленне агітбрыгады: за 5 мінут яны творча прэзентавалі сябе і падзяліліся вопытам сваёй працы. З рук памочніка Прэзідэнта па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча нашы школьнікі атрымалі грамату галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і абласнога савета ГА БРПА як адзін з лепшых цімураўскіх атрадаў вобласці, а іх педагогі – намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Таццяна Сцефановіч і педагог-арганізатар Алена Радзевіч – па выніках работы за мінулы навучальны год. Таксама ўсім членам атрада старшыні цэнтральнага і абласнога саветаў БРПА Аляксандра Ганчарова і Ірына Яленская ўручылі адметныя значкі «Піянер-цімуравец».

ГОДНАЯ ПЕРАМОГА ВАЛАНЦЁРАЎ

У рамках злёту маладых памочнікаў праходзілі розныя мерапрыемствы: тут былі арганізаваны майстар-класы, цікавыя і вясёлыя гульні, у чароўны куфар Дзеда Мароза збіралі падарункі для выхаванцаў абласнога цэнтра развіваючага навучання і рэабілітацыі. Удзельнікі валанцёрскага атрада «Данка» з Браслаўскай гімназіі, які з’явіўся ва ўстанове больш як дзесяць гадоў таму назад, скарысталіся магчымасцю праявіць сябе ў працы творчых інтэрактыўных пляцовак. На сваёй «Вуліцы добрага настрою» яны паказалі ў дзеянні імерсіўны тэатр (праект на стыку творчасці і псіхалогіі, калі гледачы аказваюцца ў цэнтры падзей і могуць стаць удзельнікамі прадстаўлення), абраўшы для выступлення экалагічную тэматыку. Не разгубіліся гімназісты і на сцэне, дзе ў творчай форме прадставілі сваю дзейнасць, лепшыя сацыяльна значныя ініцыятывы. А па выніках абласнога конкурсу валанцёрскіх атрадаў «Хто, калі не мы!» у намінацыі «Партфоліа», дзе, дарэчы, налічвалася 30 удзельнікаў, «Данка» стаў пераможцам і быў адзначаны дыпломам І ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Па словах педагога Іны Шавец, яшчэ адным прыемным сюрпрызам для браслаўскіх валанцёраў сталі падарункі ад цэнтральнага савета БРПА. ■

Жанна БЯЛЬКО