Народны тэатр мініяцюр «Покер» адзначаны дыпломам ІІ ступені міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу WORLD ART GAMES

Новости
Народны тэатр мініяцюр «Покер» Браслаўскага РЦК адзначаны дыпломам ІІ ступені міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу WORLD ART GAMES у Іспаніі.

Гэтае творчае спаборніцтва не мае межаў для ўдзельнікаў, канкурсанты дасылаюць свае работы больш чым з 30 краін, нават журы ў ім інтэрнацыянальнае. Форум праводзіцца па некалькіх намінацыях. Браслаўчане падавалі заяўку ў катэгорыі «Арыгінальны жанр» і набралі 80 балаў са 100 магчымых. Гэта ўжо не першае дасягненне тэатра сёлета.

Дарэчы, «Покеру» споўнілася 16 гадоў з дня заснавання. Напачатку калектыў працаваў у жанры ліцадзеі – ставіў гумарыстычныя замалёўкі на розныя жыццёвыя гісторыі. Паступова «Покер» з раённага ўзроўню выйшаў на абласны. Яго заўважылі на Віцебшчыне, даверылі прадставіць рэгіён на рэспубліканскім фестывалі народнага гумару «Аўцюкі», браслаўчане сталі выступаць і за межамі краіны.

Праз некаторы час бяззменны кіраўнік «Покера» Яўген Набееў вырашыў паспрабаваць новы накірунак дзейнасці – жывыя скульптуры. Упершыню яны былі прэзентаваны падчас міжнароднага фестывалю «Браслаўскія зарніцы» ў 2017 годзе і адразу ўразілі сваёй арыгінальнасцю. З таго часу «белыя», «залатыя», «сярэбраныя», «рознакаляровыя» фігуры пачалі свой творчы шлях.

Цяпер яны частыя госці не толькі сваіх раённых свят, але і мерапрыемстваў рэспубліканскага маштабу. Напрыклад, у гэтым годзе артысты прынялі ўдзел у святкаванні Дня Перамогі ў Мінску, гала-канцэрце «Памяць пакаленняў», рэспубліканскім балі выпускнікоў, дні горада сталіцы, Гродна, 755-годдзі Магілёва, «Славянскім базары» ў Віцебску, урачыстасцях з нагоды 20-годдзя БРСМ, фінале дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі» і інш.

У склад калектыву ўваходзяць браслаўчане, якія працуюць у розных арганізацыях горада, школьнікі. З ахвотай падтрымліваюць ідэі «Покера» і культработнікі, і кіраўніцтва РЦК. Побач з рэжысёрам працуе мастак Марына Рачынская – дапамагае ўвасабляць мастацкія задумкі.

Адна з апошніх навінак калектыву – перформансы з удзелам амаль двухметровых робатаў-трансформераў. Герой легендарнага кінафільма пра робатаў Бамблбі ўжо стаў любімцам публікі. З яго ўдзелам калектыў нават распрацаваў інтэрактыўную праграму для дзяцей.

Чарговая ж узнагарода «Покера» не толькі папоўніла шэраг дасягненняў калектыву, але і стала стымулам не спыняцца на дасягнутым і ісці да пакарэння новых вяршынь. ■

Кацярына САДОЎНІКАВА, метадыст Браслаўскага РЦК