Дырэктар Ахрэмаўскай школы Андрыс Упіціс увайшоў у лік пераможцаў конкурсу «Кіраўнік года – 2022»

Новости
Сённяшняя сістэма адукацыі прад’яўляе высокія патрабаванні да педагогаў, лепшыя прадстаўнікі якіх знаходзяцца ў пастаянным пошуку адпаведных формаў і метадаў работы. Сярод шматлікіх сродкаў павышэння прафесіяналізму – конкурсы педагагічнага майстэрства, у якіх, дарэчы, спрабуюць сябе не толькі настаўнікі, а і кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Прычым надзвычай паспяхова, як, напрыклад, дырэктар Ахрэмаўскай СШ Андрыс Упіціс.

Ён прыняў удзел у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што трэці раз прайшоў у Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. «Кіраўнік года – 2022» уяўляў сабой спаборніцкі комплекс мерапрыемстваў па выяўленні, абагульненні і распаўсюджванні вопыту творчых і неардынарных педагогаў – дырэктараў сярэдніх школ і гімназій з усіх раёнаў Прыдзвіння.

Конкурс праводзіўся ў два этапы – раённы, гарадскі (завочны) і абласны (завочна-вочны) – у трох намінацыях: «Лепшае эсэ пра сваю кіраўніцкую дзейнасць», «Лепшы педагагічны савет» і «Стабільна высокія вынікі ўзначаленай установы па якасці адукацыі».

Творчая работа Андрыса Упіціса «Якое гэта дзівоснае мастацтва – запальваць зоркі!» пераадолела раённы ўзровень і выйшла ў фінал спаборніцтва. Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі пераможцы конкурсу розных гадоў і спецыялісты ВАІРА, пры вызначэнні лідараў і лаўрэатаў высока ацаніла і дасягненні браслаўчаніна як кіраўніка, і яго імкненне бачыць у кожным вучні зорачку, што будзе «пакараць гарады і краіны сваім раскошным бляскам або ціха і ледзь прыкметна асвятляць дарогу заблукаламу вандроўніку», крок за крокам раскрываць лепшыя бакі маленькага чалавека, запаліць у яго сэрцы іскрынку па імені Радзіма. Эсэ дырэктара Ахрэмаўскай школы было прызнана лепшым у адпаведнай намінацыі.

– Я вельмі задаволены, што змог прайсці ў суперфінал і глыбей пазнаёміцца з работай больш вопытных калег, – падзяліўся меркаваннем Андрыс Упіціс. – Тым даражэйшая для мяне гэтая перамога. Адчуваю гонар за сваю школу і рады, што ўдалося годна прадставіць у вобласці сістэму адукацыі Браслаўскага раёна. ■

Жанна БЯЛЬКО