У клубных установах Браслаўшчыны завяршыўся агляд мастацкай самадзейнасці

Новости
Творчасць не мае межаў, а работнікі культуры не стаяць на месцы, яны пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых ідэй і задум, якія потым увасабляюцца ў канцэртных нумарах, праграмах і мерапрыемствах.

Як расказалі ў Браслаўскай ЦКС, з чэрвеня па лістапад у раёне праходзіў агляд мастацкай самадзейнасці. Усяго ў ім прынялі ўдзел 15 устаноў культуры. Кампетэнтнае журы з ліку спецыялістаў і метадыстаў цэнтралізаванай клубнай сістэмы наведвалі мерапрыемствы і святы вёсак, арганізаваныя калегамі ў розных населеных пунктах – Мільках, Опсе, Слабодцы, Іказні, Ахрэмаўцах, Відзах і інш. Яно ацэньвала выканаўчае майстэрства і сцэнічную культуру, выкарыстанне мясцовых традыцый і арыгінальнасць ідэі. Работнікі культуры па-рознаму падыходзілі да сваіх праграм. Напрыклад, у Далёкаўскім клубе бібліятэцы правялі гасцёўню «Наша хата запрашае на свята». Удзельнікаў мерапрыемства чакала выстаўка палавікоў ды вышывак мясцовых майстрых, майстар-клас па танцах, народныя гульні, спевы, пачастункі. Насычана адбыўся кірмаш у Мяжанскім ДК. Там падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне, вясковыя прысмакі, выстаўкі вырабаў і кветак мясцовых жыхароў. На фальклорным матэрыяле свайго населенага пункта пабудавалі мерапрыемства і ў Дрысвятах. Песні, танцы, карагоды і традыцыйныя стравы ўразілі гасцей свята. Цікавымі былі арткафэ ў Богіна, «33 асілкі» ў Казянах.

Цяпер арганізатарам застаецца самае складанае – падвесці вынікі гэтага творчага марафону. ■

Алена НАБЕЕВА