Лукашэнка: уступная кампанія ў ВНУ не павінна быць латарэяй

Новости
Пастаянныя рэфармаванні сферы адукацыі павінны быць спынены. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення ўступнай кампаніі ў ВНУ.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі неабходна сфармуляваць механізм работы сферы адукацыі на перспектыву. «Пастаянныя рэфармаванні і ўдасканаленні пасля сённяшняга абмеркавання павінны быць спынены! Акрамя падручнікаў. Якія вы будзеце ўдасканальваць, рэфармаваць, пісаць новыя, старыя мадэрнізаваць», – сказаў ён.

«Мяняць правілы гульні пастаянна нельга. Давайце, нарэшце, паставім кропку ў гэтай размове, якая зацягнулася, і пачнём карпатлівую працу», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым, паводле слоў беларускага лідара, уступная кампанія ў ВНУ не павінна стаць для абітурыентаў латарэяй ці ўдалым збегам абставін.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна забяспечыць справядлівае стаўленне і стварыць роўныя магчымасці для атрымання адукацыі ў вышэйшых навучальных установах для ўсіх тых, хто паступае.

На гэтым фоне ён паставіў пытанне, ці ўсё зроблена, каб запусціць новы механізм, як прадугледжваецца, з 2023 года і ці ёсць нейкія праблемы ў сувязі з гэтым. «Яшчэ раз звяртаю ўвагу прысутных: узнятыя пытанні непасрэдна датычацца нашых людзей, мы не павінны сваімі рашэннямі нікога страціць і не дай бог кагосьці адштурхнуць», – сказаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт падкрэсліў: задача дзяржавы – забяспечыць моладзі найбольш шырокія магчымасці для прафесійнага станаўлення і развіцця ў Беларусі. ■

Па матэрыялах БелТА