«Найважнейшая наша задача — здабываць урокі». Лукашэнка пра абстаноўку вакол Беларусі

Новости
Аляксандр Лукашэнка 1 снежня сабраў нараду па пытаннях абароны нашай краіны. На ёй абмеркавалі пытанні развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі і меры далейшага рэагавання на яе.

Паводле слоў Прэзідэнта, усе сілавыя ведамствы адзначаюць рост колькасці правакацый паблізу дзяржаўнай мяжы. «Украіна пад любой падставай спрабуе ўцягнуць войскі дзяржаў – членаў НАТА ў канфлікт. Усё гэта пацвярджаецца нядаўнімі падзеннямі ракет на тэрыторыі Польшчы», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Адначасова з боку беглай апазіцыі ўсё часцей гучаць заклікі да захопу ўлады сілавым шляхам і здзяйснення тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На гэтым фоне заходнія дзяржавы працягваюць нарошчваць ваенны патэнцыял сваіх узброеных сіл, мадэрнізуюць інфраструктуру на тэрыторыі суседніх краін, павялічваюць інтэнсіўнасць правядзення мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, звярнуў увагу беларускі лідар. «Усё гэта вядзе да абвастрэння і так складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол нашай краіны і ў рэгіёне ў цэлым», – заявіў ён.

«Пакуль нам удаецца стрымліваць верагоднага праціўніка ад прымянення ваеннай сілы супраць Беларусі. Але, тым не менш, мы павінны пастаянна адсочваць, бачыць і не прапусціць – ні ў якім выпадку не прапусціць – прыкметы, якія паказваюць на непасрэдную падрыхтоўку да агрэсіі супраць нашай краіны. Сёння неабходна зрабіць зрэз таго, што ўжо выканана для абароны дзяржавы, і намеціць, у якім кірунку трэба рухацца ў далейшым, – сказаў Галава дзяржавы. – Я заўсёды паўтараў і яшчэ раз хачу сказаць: урокі, урокі, урокі. З таго, што адбываецца, па перыметры нашай Беларусі, здабываць урокі – найважнейшая наша задача».

Удзельнікі нарады таксама ацанілі эфектыўнасць ужо прынятых мер па павышэнні абараназдольнасці дзяржавы і вызначылі патрэбу ў прыняцці дадатковых рашэнняў на ўзроўні Прэзідэнта. ■

Па матэрыялах БелТА