Выдатны чалавек і адказны спецыяліст. Алена Барткун больш за 25 гадоў працуе на «Браслаўрыбе

Люди
Алена Барткун дасканала ведае вытворчасць філіяла «Браслаўрыба» Глыбоцкага МКК, а за якасць кожнай кансервы, якая выпускаецца тут, можа паручыцца, як кажуць, галавой. Яе працоўны стаж на прадпрыемстве большы за 25 гадоў: сюды яна прыйшла маладым спецыялістам у 1997 годзе і вырасла да начальніка вытворчага ўчастка.

Алене Барткун давялося працаваць на розных пасадах. Пасля заканчэння каледжа ў Маладзечне яе размеркавалі на працу на радзіму, у Браслаў. Пачынала майстрам, паралельна скончыла БДАТУ, а цяпер кіруе вытворчасцю, дзе працуе больш за 90 чалавек, адказвае за тэхналагічны працэс, пачынаючы ад размарожвання рыбы і заканчваючы ўпакоўваннем гатовых кансерваў для іх далейшай рэалізацыі. Яе работа вельмі адказная: спецыяліст павінна арганізаваць працэс так, каб вытворчасць у цэху не спынялася ні на хвіліну. Наяўнасць неабходнай сыравіны, алею, спецый па рэцэпце, нават неабходная колькасць банак – усё ляжыць на плячах адказнай Алены. Акрамя гэтага, ёй неабходна трымаць пад кантролем брыгады, пры неабходнасці знайсці замену супрацоўніку, наладзіць мікраклімат у калектыве.

Як яна з гэтым спраўляецца? Папершае, сказваецца шматгадовы вопыт працы на прадпрыемстве: А. Барткун дасканала ведае сваю працу. Пачынала яна тады, калі тут выпускалася яшчэ агароднінная прадукцыя, а з цягам часу прадпрыемства ўзяло курс на перапрацоўку рыбы. Вялікі адрэзак сваёй дзейнасці жанчына адпрацавала тэхнолагам. Разам з прадпрыемствам пражывала яго тэхнічную мадэрнізацыю і асвойвала новае абсталяванне, распрацоўвала рэцэптуры. Гэта быў вельмі важны перыяд у развіцці «Браслаўрыбы», які даў магчымасці філіялу выйсці на вышэйшы ўзровень развіцця. Па-другое, скрупулёзныя адносіны да працы: яна была ў ліку тых, хто распрацоўваў многія вядомыя браслаўскія кансервы. Разам з супрацоўнікамі лабараторыі А. Барткун апрабоўвала рэцэптуры, дэгусціравала, вывучала попыт пакупнікоў і інш. Па-трэцяе, веданне людзей, якія працуюць на прадпрыемстве. Такія складальнікі даюць права лічыць Алену Барткун адным з прафесіяналаў сваёй справы.

Думаю, многія чытачы нашай газеты асабіста ведаюць гэтую жанчыну. Яна неаднаразова прэзентавала прадукцыю прадпрыемства падчас розных выставак. Алена Барткун – прыемная суразмоўніца і ўмела прадстаўляе кансервы браслаўскай вытворчасці. За прафесіяналізм, добрасумленнасць і шчырыя адносіны да працы яе цэняць і паважаюць калегі і кіраўніцтва. ■

Алена НАБЕЕВА