«Пра работу думаю і дома». Як праца стала для браслаўчанкі жыццём

Люди
Пра Валянціну Таўкінь – агранома СВК «Маяк Браслаўскі» – можна сказаць, што яе прафесія – гэта яе жыццё. Мала таго, што ў працоўнай кніжцы Валянціны Віктараўны ўсяго два запісы (аграном, галоўны аграном), дык яна разам з механізатарамі з раніцы да позняга вечара на полі, і думкі пра работу не пакідаюць яе нават дома. Яна сама кажа, што пастаянна ў галаве аналізуе, як зрабіць лепш, чым ёсць: дзе пасеяць, чым падкарміць, калі і як убіраць.

Старшыня гаспадаркі Рамуальд Шукель задаволены сваім галоўным аграномам. Ён давярае яе вопыту і ўменню арганізаваць любы вытворчы працэс. У райсельгасхарчы таксама характарызуюць Валянціну Таўкінь як прагрэсіўнага спецыяліста, які ўмее мысліць на перспектыву, ідзе ў нагу з часам і ніколі не спыняецца на дасягнутым.

Сапраўды, вопытны галоўны аграном знаходзіцца ў пастаянным пошуку. В. Таўкінь часта эксперыментуе, напрыклад, у 2018 годзе менавіта яна пераканала старшыню гаспадаркі пакінуць кукурузу на зерне. І не прагадала, хоць многія скептыкі не верылі ў станоўчы вынік. Ураджай кукурузы ў той год парадаваў, а яе зерне сталі дабаўляць у кармы для свіней, чым значна панізілі сабекошт камбікорму. Дарэчы, цяпер у гаспадарцы ідзе мантаж новага абсталявання для атрымання з рапсу алею і шроту, апошні таксама адправіцца на камбікорм для свінагадоўлі. Для гэтага галоўны аграном ужо ў наступным сезоне плануе павысіць ураджайнасць рапсу да 30 цэнтнераў з гектара.

Зноў жа, дзякуючы разумнаму падыходу В. Таўкінь да работы, у «Маяку» ўвогуле не купляюць насенны матэрыял. Калі патрэбна новая эліта, яе проста абменьваюць на іншае насенне. Гаспадарка і шмат рэалізуе свайго насеннага матэрыялу.

Травы – гэта ўвогуле любімая тэма для Валянціны Віктараўны. Яна сама кажа, што гэта яе хобі, якое прыносіць гаспадарцы вялікі прыбытак. На грошы, атрыманыя ад продажу насення травы, сельгаскааператыў можа дазволіць сабе набыць хімікаты, мінеральныя ўгнаенні і іншыя неабходныя для развіцця раслінаводства дабаўкі ці прыстасаванні. Дарэчы, тут не проста малоцяць травы і прадаюць іх: яны ў гаспадарцы праходзяць поўны працэс ачышчэння і падрыхтоўкі да сяўбы. Для гэтага ўжо некалькі гадоў у «Маяку» працуе спецыяльны комплекс і створаны новыя рабочыя месцы.

Валянціна Таўкінь гарыць на рабоце, яна пастаянна вучыцца ў калег, чытае шмат спецыяльнай літаратуры і ўкараняе новыя тэхналогіі. Рэкордны намалот збожжа ў гэтым годзе ў большай меры – яе заслуга. Так лічыць і галава гаспадаркі Рамуальд Шукель. ■

Вольгі ПАТАПОВІЧ