Нязменны флагман. У чым сакрэт поспеху «Маяка Браслаўскага»

Новости
Сёлета для работнікаў СВК «Маяк Браслаўскі» свята «Дажынак» стала асаблівым. Справа ў тым, што ў гэтым годзе «маякоўцы» атрымалі выключны ўраджай збожжавых і зернебабовых культур: у другі раз за апошнія 30 гадоў яны намалацілі больш за 15 тысяч тон збожжа.

Ні для каго не сакрэт, што ў нашым раёне «Маяк» ужо шмат год з’яўляецца нязменным флагманам і мае найвышэйшыя вынікі ў розных галінах, будзь то раслінаводства ці жывёлагадоўля. Па словах кіраўніка гаспадаркі Рамуальда Шукяля, сакрэт перамог крыецца ў зладжаным і працавітым калектыве. За 33 гады кіравання сельгаскааператывам яго старшыні ўдалося не толькі сканцэнтраваць вакол сябе зацікаўленых, прагрэсіўных, ініцыятыўных і энергічных спецыялістаў, але і зрабіць іх сваімі вачамі, вушамі і рукамі.

«Я задаволены, што менавіта гэтыя людзі побач са мной. Сёння з кожным са спецыялістаў мы пабудавалі даверлівыя адносіны, і я ўпэўнены, што ў любы момант магу цалкам палажыцца на кожнага з іх, – кажа Р. Шукель. – Мне падабаецца, што мае намеснікі заўсёды імкнуцца зрабіць лепш, чым ужо ёсць. Яны пастаянна займаюцца самаадукацыяй, мысляць на перспектыву і пралічваюць усе дзеянні наперад, не выключаючы правалы. З некаторымі з іх мы шмат гадоў працуем разам і ўжо разумеем адзін аднаго, як кажуць, без слоў. Напрыклад, галоўнаму аграному гаспадаркі Валянціне Таўкінь ці галоўнаму заатэхніку Леаніду Барткевічу, галоўнаму ветурачу Раману Паляку, свайму намесніку Андрэю Шукялю і яшчэ некаторым спецыялістам я магу даверыцца, заплюшчыўшы вочы, і не правяраць потым, як яны зрабілі тую ці іншую справу. Гэта мае людзі.

Асаблівымі паўнамоцтвамі надзелены ў нас начальнікі аддзяленняў: на іх плячах ляжыць вялікі груз адказнасці за арганізацыю і выкананне большасці работ ў гаспадарцы.

З упэўненнасцю магу паручыцца і за маладое пакаленне: начальніка свінакомплексу Яўгена Ракіцкага, інжынера-тэхнолага Віталія Цыўняля – яны апантаныя сваёй работай, балеюць за яе вынік і ўмеюць знаходзіць выйсце са складаных сітуацый, весці людзей за сабой. Яны яшчэ крыху паднабяруцца вопыту і, упэўнены, будуць мець вялікія поспехі.

На жаль, не магу пералічыць усіх па прозвішчах, але з гонарам скажу, што кожны з іх, будзь то эканаміст ці галоўны інжынер, энергетык ці загадчык майстэрні, аграном ці заатэхнік, добра разумеюць, што агульны вынік залежыць як ад іх саміх, так і іх падначаленых.

Я шмат кажу пра спецыялістаў? Так, яны – мая апора ў працы, але якімі б разумнымі і крэатыўнымі ўсе мы ні былі, без людзей рабочых спецыяльнасцей у нас таксама б нічога не атрымалася. Я рады, што пераважная большасць работнікаў гаспадаркі даражаць сваім працоўным месцам, яны дысцыплінаваныя і працавітыя.

Сёння хачу падзякаваць абсалютна кожнаму «маякоўцу» за нашы поспехі і выказаць надзею, што разам мы зможам пераадолець не адзін рубеж, пабіць мноства рэкордаў і заслужыць новыя перамогі», – перакананы Рамуальд Шукель. ■

Вольгі ПАТАПОВІЧ