Лукашэнка выказаўся на актуальныя тэмы міжнароднай палітыкі Беларусі

Новости
Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў замежных краін і падчас цырымоніі выказаўся на актуальныя тэмы ў плане міжнародных зносін.

Пра міралюбівую палітыку. «Беларусы ніколі ў сваёй гісторыі ні на каго не нападалі. Ні для каго мы не былі крыніцай пагрозы. Так будзе і надалей. Падкрэсліваю: менавіта так будзе надалей! Мы заўсёды за мірнае вырашэнне любых міжнародных праблем», – падкрэсліў Прэзідэнт.

«Страціўшы кожнага трэцяга ў часы фашысцкага генацыду, беларусы, як ніводная іншая нацыя ў свеце, высока цэняць чалавечае жыццё», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пра заходнія санкцыі. «Нават ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску Беларусь паспяхова развіваецца. Асабліва гэта тычыцца традыцыйных для нас галін прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Мы здолелі пераарыентаваць экспарт, займаемся імпартазамяшчэннем, павялічылі пастаўкі ў Расію, Кітай і іншыя краіны. Далёкія ад нас. Як мы называем іх краінамі далёкай дугі», – сказаў А. Лукашэнка. І дадаў, што санкцыі Захаду не дасягнулі сваіх мэт, у тым ліку дзякуючы шырокай міжнароднай падтрымцы Беларусі.

Пры гэтым ён прызнаў, што Беларусь адчувае негатыўны эфект ад заходніх абмежаванняў у сілу адкрытасці сваёй эканомікі.

Пра адкрытасць Беларусі. «Наша краіна заўсёды адкрыта для любых разумных ініцыятыў. Перакананы, у кантактах з прадстаўнікамі нашых дзяржаўных органаў, бізнесу, грамадскіх арганізацый вы ўбачыце выключна добразычлівы і дзелавы падыход», – падкрэсліў беларускі лідар, звяртаючыся да замежных паслоў.

Прэзідэнт нагадаў, што 2022 год у Беларусі праходзіць пад знакам захавання гістарычнай памяці. «Наш народ вельмі шчыры, добразычлівы і працавіты. Вы даведаецеся, як багатая наша зямля, як шмат сфер для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва мы з вамі можам паспяхова развіваць. Прапаную вам праяўляць актыўнасць ва ўмацаванні двухбаковага ўзаемадзеяння паміж нашымі дзяржавамі. Мы заўсёды пойдзем насустрач вашым канструктыўным ідэям, праектам і прапановам. Гатовыя разгледзець любы ваш пункт гледжання», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. ■

Па матэрыялах БелТА