Восень — работ восем. Чым цяпер займаюцца аграрыі Браслаўшчыны

Новости
Корманарыхтоўка, уборка кукурузы і насеннікаў шматгадовых траў, вываз саломы з палёў, падрыхтоўка глебы ды сяўба азімых – вось далёка не поўны пералік спраў, якімі цяпер заняты аграрыі Браслаўшчыны. Справіцца з усім запланаваным трэба паспець да маразоў. Безумоўна, ніводнага працэсу прапусціць нельга, але ж першапачатковая задача сельгаспрадпрыемстваў – закончыць сяўбу азімых.

Сёлета ў раёне пад азімыя культуры адведзена 9 350 га, з якіх 9 200 га запланавана на збожжа. Наогул закончыць сяўбу планавалася 25 верасня, але пакуль разам гаспадаркі Браслаўшчыны засеялі толькі 41 % азімага кліна. На гэта ёсць свае прычыны. Па-першае, як расказала Наталля Іванова, намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарча, шмат праблем стварае недахоп спраўнай тэхнікі, якая пасля актыўных вясенне-палявых работ, корманарыхтоўкі, уборачнай кампаніі не вытрымлівае і ўсё часцей і часцей патрабуе рамонту. А працэс падрыхтоўкі глебы да сяўбы сёлета таксама няпросты. З-за перасыхання зямля стала дзервянець, і справіцца з ворывам могуць толькі энерганасычаныя трактары. Нават вераснёўскім дажджам не удалося як трэба ўвільгатніць палеткі. Па-другое, адначасова з сяўбой азімых у асобных гаспадарках ідзе ўборка кукурузы, таму частка тэхнікі разам з механізатарамі была занята на ёй. На раніцу ўчарашняга дня заканчваюць работу з кукурузай 3 сельгаспрадпрыемствы, якім засталося разам убраць усяго каля 15 % ад вырашчанага.

Зноў жа, па словах Н. Івановай, аграрыі маюць намер сеяць азімыя, пакуль будзе дазваляць надвор’е, магчыма, аж да сярэдзіны кастрычніка. Прынамсі, агранамічныя нормы дазваляюць. «Вопыт падказвае, што найбольшы ўраджай збожжа на нашых землях мы атрымліваем менавіта з азімага кліна, таму пасеяць як мага больш у нашых інтарэсах. Тым больш што насеннем гаспадаркі раёна забяспечаны ў поўнай меры», – кажа спецыяліст.

Нездарма кажуць, што восень нясе работ восем, бо цяпер усе гаспадаркі занятыя таксама перавозкай сена і саломы ў рулонах з палёў у спецыяльныя месцы для іх захавання, як мага бліжэй да ферм, каб зімой было менш клопатаў з перавозкай. Людзі і тэхніка працуюць на ўборцы насеннікаў канюшыны ды ўнясенні ўгнаенняў на палеткі. Да таго ж мясцовыя аграрыі дапамагаюць на ўборцы льну Глыбоцкаму камбікормаваму заводу, які арандуе на Браслаўшчыне амаль тысячу гектараў зямлі і вырошчвае на ёй гэтую культуру. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ