Уладзімір Яраховіч: камфортнае ўтрыманне жывёлы – залог эфектыўнай вытворчасці

Новости
У мэтах паспяховага правядзення ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна зімоўкі жывёлы ў 2022-2023 гг. падрыхтоўку жывёлагадоўчых памяшканняў, у тым ліку іх бягучы рамонт, неабходна завяршыць да 1 кастрычніка. Пра гэта на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта расказаў начальнік райсельгасхарча Уладзімір Яраховіч.

Паводле яго слоў, цяпер у сельгаспрадпрыемствах раёна, акрамя бягучых работ, таксама вядзецца рэканструкцыя трох жывёлагадоўчых аб’ектаў для беспрывязнага ўтрымання на глыбокай падсцілцы цёлак узнаўлення – у ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс», «Слабодка-агра» і «Агравідзы».

Па стане на 1 верасня 2022 года пагалоўе БРЖ у Браслаўскім раёне тым часам складае 15 053 галавы (мінус 1 496 галоў да ўзроўню 2021 г.).

«Усё пагалоўе буйной рагатай жывёлы раёна сёння размешчана на 41 жывёлагадоўчым аб’екце, у тым ліку дойны статак – на 25 малочнатаварных фермах. Пры гэтым толькі чвэрць пагалоўя кароў змяшчаецца ў сучасных памяшканнях, якія адказваюць патрабаванням тэхналагічнага рэгламенту», – адзначыў У. Яраховіч.

На гэтым фоне райсельгасхарч канстатуе ў сельгасарганізацыях недастатковую інтэнсіўнасць работ па падрыхтоўцы жывёлагадоўчых аб’ектаў да пастаноўкі жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне. Да зімы жывёлагадоўчыя аб’екты па стане на сярэдзіну верасня былі гатовыя толькі на 56 %.

Асаблівую ўвагу ў гэтай сферы на месцах спецыялісты рэкамендуюць надаць рамонту, добраўпарадкаванню і аснашчэнню малочных блокаў і малочных лабараторый у пунктах адгрузкі малака на перапрацоўчыя прадпрыемствы, плёначнікаў і прафілакторыяў для ўтрымання нованароджаных цялят, пунктаў штучнага асемянення кароў, сістэм кормараздачы. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ