Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам ПМК-42

Новости
Гісторыя беларускай дзяржаўнасці можа і павінна быць адным з галоўных інструментаў у справе патрыятычнага выхавання насельніцтва. Пра гэта ішла гаворка на сустрэчы інфармацыйнай групы Браслаўскага райвыканкама на чале з яго старшынёй Вячаславам Грышчанкам з калектывам ПМК-42.

Без мінулага няма будучыні, а без ведання сваёй гісторыі – шчырага патрыятызму. Такі пункт гледжання падчас свайго выступлення выказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Чагарына. І з ёй нельга не пагадзіцца: беларусы сапраўды маюць багатую гістарычную спадчыну, у тым ліку ў плане дзяржаўнага будаўніцтва, адметныя традыцыі і сваю ментальнасць. І ведаць гэтыя аспекты павінен кожны жыхар нашай краіны, бо на іх аснове фарміруецца пачуццё прыналежнасці да старажытнага народа і Радзімы.

У якасці актуальнага прыкладу Ю. Чагарына прывяла наша адносна маладое дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. «Беларусь у яе сучасных межах сфарміравалася менавіта ў верасні 1939 года, калі аб’ядналіся яе заходнія і ўсходнія землі. З той пары мы, бясспрэчна, адна краіна і адзін народ. Гэта важна. Пра гэта таксама трэба гаварыць», – адзначыла яна. У такім кантэксце гісторыя – тое, што кансалідуе беларусаў і адначасова служыць падставай для гонару.

Асобная тэма – Вялікая Айчынная вайна і гераізм беларусаў. Літаральна ў кожным населеным пункце рэспублікі, дарэчы, як і ў нашым раёне, сёння ёсць абеліск, які захоўвае памяць пра загінулых воінаў-вызваліцеляў і паспяхова служыць магутным выхаваўчым інструментам.

«І гэта не проста высокія словы – гэта наша рэчаіснасць. Менавіта праз фарміраванне павагі да сваёй краіны, сваёй гісторыі, сваіх продкаў узнікае непадробны патрыятызм», – рэзюмаваў В. Грышчанка.

Што тычыцца іншых тэм, то на сустрэчы таксама абмеркавалі меры супрацьдзеяння распаўсюджванню наркотыкаў і кіберзлачынцам, вакцынацыю, у тым ліку бустарную, супраць COVID-19, актуальныя аспекты работы камунальных службаў.

Гаворачы пра дзейнасць ПМК-42, старшыня райвыканкама адзначыў у цэлым неблагія вынікі работы будаўнічай арганізацыі. Тым не менш, паводле яго слоў, і ўдасканальвацца яшчэ ёсць куды. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ