Лукашэнка адказаў на вострыя пытанні журналістаў падчас наведвання мемарыяльнага комплекса «Хатынь»

Новости
Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з журналістамі ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» зрабіў шэраг важных заяў і адказаў на вострыя пытанні. Вось асноўныя тэзісы.

Пра небывалы ўраджай. «Небывалы ўраджай. Ніколі такога не было. Паварушыліся – і ёсць вынік». Але па асобных культурах яшчэ актыўна вядзецца або завяршаецца ўборка.

Нагадаем, агульны ўраджай збожжавых з улікам кукурузы і рапсу складзе ў Беларусі сёлета каля 11,2 млн т. Больш за $8 млрд можам атрымаць толькі ад продажу прадуктаў харчавання. Гэта значыць, можна і ад нашай зямлі зарабіць і прадаць.

Цяпер галоўнае – максімальна закласці вырашчаную прадукцыю на склады, каб можна было забяспечыць патрэбнасці гандлю і экспарту ў міжсезонне.

Пра захаванне памяці. Мемарыялы неабходна ўтрымліваць у годным стане, каб мы сваіх дзяцей і ўнукаў сюды прыводзілі. І каб яны, ведаючы гістарычнае развіццё нашай краіны, ведалі, колькі за гэта жыццяў паклалі, нявінных людзей колькі загінула. Каб яны гэта шанавалі і бераглі ў сваёй памяці, пераносілі гэта на краіну.

Важна і правільная адукацыя дзяцей, пачынаючы з ранняга ўзросту. І на такіх прыкладах, як Хатынь, трэба паказваць. «Колькі тут дзетак загінула! Яны ў чым вінаватыя?! Яны таксама хацелі жыць, але згарэлі. За што? Таму трэба берагчы сваё, каб не быць спаленымі ў гэтых хлявах».

Пра амністыю. Амністыя і памілаванне не з’яўляюцца прадметам гандлю для беларускіх уладаў. Але там, дзе можна пайсці на нейкі кампраміс, трэба ісці. Пры гэтым сапраўдным злачынцам прабачэння быць не павінна.

«Той, хто павінен сядзець, будзе сядзець. Я лёсамі людзей не гандлюю. Я да гэтага не прывучаны. Чужога не бяры і не крыўдзі чалавека. Справядлівасць, справядлівасць наколькі гэта магчыма і яшчэ раз справядлівасць».

Пра заходнюю дэмакратыю. Захад далёка не такі ідэальны, якім яго прадстаўляюць. «Мы думалі, што там дэмакратыя, англійскае права і суды. Ніякага там права няма. Гэта права да пары да часу. Арыштуюць твае актывы, як у Расіі, і забудуць, што такое права і прыватная ўласнасць». ■

Па матэрыялах БелТА