У Браслаўскім раёне працягваецца корманарыхтоўчая кампанія

Новости
Уборку збожжавых і зернебабовых культур у ААТ «Друйскі» завяршылі яшчэ ў пачатку верасня. Хлеб урадзіў лепш, чым летась: аграрыі гаспадаркі больш намалацілі зерня на 400 тон, а самы важкі колас далі азімыя злакі пшаніца і трыцікале. Акцыянернае таварыства цалкам выканала дзяржаўны заказ па здачы збожжа, працягвае адгружаць рапс (ён яшчэ толькі даспеў), таксама засталося ўбраць на насенне каля 100 га канюшыны і 50 га пайзы. З улікам абмену на эліту засекі цалкам запоўнены насеннем як для восеньскай, так і яравой сяўбы.

Цяпер асноўныя намаганні раслінаводаў сканцэнтраваны на закладцы ўраджаю наступнага года. Галоўны аграном гаспадаркі Іван Мядзіль разлічвае рэалізаваць планавыя лічбы сяўбы азімых збожжавых у аптымальныя тэрміны. Дзеля гэтага на ўзворванні, падрыхтоўцы глебы, сяўбе задзейнічаны тры энерганасычаныя трактары і на падвозцы насення – МТЗ-82.

Не спыняецца яшчэ ў «Друйскім» і нарыхтоўка кармоў на зімовы перыяд: высокапрадукцыйны корманарыхтоўчы камбайн КВК скошвае зялёную масу высокасцябловых культур, здрабнёную ім жа масу без затрымкі адвозіць МТЗ з ПІМам ці МАЗ, а ў траншэі старанна яе прасуе вадзіцель «Амкадора».

Пры нарыхтоўцы сіласу галоўны аграном Іван Мядзіль зрабіў стаўку на пайзу.

Дарэчы, сёлета для нарыхтоўкі сіласу ў гаспадарцы зрабілі стаўку не на кукурузу, а на пайзу. Іван Мядзіль эксперыментаваў з сяўбой яе на розных па ўрадлівасці глебы ўчастках. У 2022 годзе кукурузу пасеялі ўжо на 325 га і не прагадалі. Пры намнога меншых затратах на вырошчванне пайзы, чым кукурузы, яна дала выдатны збор зялёнай масы. Галоўны аграном гаспадаркі ўпэўнены, што на стойлавы перыяд жывёлы кармоў будзе дастаткова. ■

Казімір ПЯТУШКА