У Браславе адкрылася выстаўка мясцовых мастакоў «Восеньскі салон»

Отдых
Карціны мясцовых мастакоў можна пабачыць на выстаўцы «Восеньскі салон» у музеі традыцыйнай культуры.

Так склалася, што некалькі разоў на год ва ўстанове арганізуюць экспазіцыі браслаўскіх творцаў. У верасні выстаўка жывапісу аб’яднала мясцовых мастакоў, якія працуюць у самых розных накірунках.

На экспазіцыі прадстаўлены работы добра вядомых браслаўчанам Чэслава Жусяля, Аліны Трукан, Юліі Шылай, Людмілы Сінкевіч. Цяпер да кагорты пастаянных удзельнікаў мерапрыемстваў далучыліся бацька і дачка Гурыновы. Андрэй – даўні сябар музея, неаднаразова прымаў удзел у мерапрыемствах са сваёй сувенірнай прадукцыяй.

Цяпер жа ён выставіў карціны, як і яго дачка Насця, якая таксама робіць першыя крокі ў мастацтве, малюе, займаецца іншымі відамі творчасці.

Сярод прадстаўленых карцін ёсць і творы аўтарства мастачкі Браслаўскага РЦК Марыны Паўлюкевіч. Яна падрыхтавала серыю работ, прысвечаных Браслаўшчыне. Карціны выкананы ў чорна-белай гаме, з выкарыстаннем тушы і алоўка.

Удала дапаўняюць выстаўку і малюнкі юных браслаўчан – удзельнікаў студыі «Акварэлік».

Экспазіцыя працуе да 4 лістапада. ■

Алена НАБЕЕВА