Для раёна — выключны выпадак. Вадзіцель з «Маяка Браслаўскага» перавёз ад камбайнаў 2 тысячы тон зерня

Уборочная-2022
Аляксандр Пальчэўскі, вадзіцель СВК «Маяк Браслаўскі», перавёз ад камбайнаў дзве тысячы тон зерня. Такое дасягненне не толькі найвышэйшае ў раёне, але і ўвогуле першае. Як адзначыў старшыня гаспадаркі Рамуальд Шукель, за дзясяткі ўборачных кампаній на яго памяці такіх выпадкаў яшчэ не было.

Павіншаваць двухтысячніка па добрай традыцыі прыехалі старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка, кіраўнік сельгаспрадпрыемства Рамуальд Шукель, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і галіновага прафсаюза Алена Бабінская і Мікалай Вялічка.

Звяртаючыся да «юбіляра», галава раёна падкрэсліў важнасць абранай Аляксандрам справы, адзначыў адказнасць і самаадданасць, з якімі той да яе ставіцца. «Паціскаць руку такім працаўнікам прыемна і пачэсна», – рэзюмаваў В. Грышчанка.

Сімвалічны сноп, дыплом, падарункі, майка лідара, фотаздымак на памяць – і А. Пальчэўскі зноў спяшаецца за руль свайго МАЗа: на палях яшчэ шмат работы. У адказ на кінутае ўжо наўздагон пытанне, як удалося дасягнуць выключнага выніку, ён толькі сціпла ўсміхнуўся: «Стараемся». ■