Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый

Новости
У рамках адзінага дня інфармавання старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Браслаўскага раёна. Гутарка закранула даволі шырокае кола актуальных пытанняў.

Напачатку сустрэчы з асаблівасцямі работы ўстановы гасцей пазнаёміла яе кіраўнік Надзея Касцюкевіч. Яна расказала пра гісторыю і перадумовы стварэння цэнтра, задачы, што стаяць перад ім, склад і кампетэнцыі калектыву. Вячаслаў Грышчанка падзякаваў яго супрацоўнікам за работу, адзначыў камфортныя ўмовы, у якіх працуць людзі, і асобна падкрэсліў актыўнасць, з якой тыя ўдзельнічаюць у раённых грамадскіх ініцыятывах.

Намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бялусь завастрыў увагу прысутных на асноўных аспектах жыллёвай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Ён нагадаў галоўныя тэзісы адпаведнай дзяржаўнай канцэпцыі: акцэнт – на будаўніцтва па-за межамі сталіцы, нарошчванне аб’ёмаў узвядзення арэнднага жылля, актыўная падтрымка тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, дзяржрэгуляванне кошту будаўніцтва кватэр, спрашчэнне парадку ўводу ў эксплуатацыю аб’ектаў рэканструкцыі і будаўніцтва і іншае.

Паводле слоў П. Белуся, усе гэтыя задачы актуальныя і для нашага раёна. У якасці доказу ён прывёў лічбы і іх дынаміку, згодна з якімі на Браслаўшчыне растуць тэмпы будаўніцтва жылля, распаўсюджваецца практыка ўзвядзення арэндных кватэр. «Мы зробім усё магчымае, каб захаваць гэтыя тэндэнцыі і ў будучым», – рэзюмаваў намеснік старшыні райвыканкама.

Падтрымаў такі падыход і Вячаслаў Грышчанка. «Будаўніцтва арэндных кватэр – той накірунак, які трэба ўсебакова падтрымліваць. Сёлета ў новым 40-кватэрным доме, напрыклад, дзве такія. Плануецца пашырэнне гэтай практыкі, у тым ліку і ў райцэнтры, і ў сельскай мясцовасці», – сказаў ён. Пра бягучыя змены ў зямельным заканадаўстве ўдзельнікам сустрэчы расказала начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Таццяна Севасцьянава, пра нюансы страхавання – дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Браслаўскім раёне Валянціна Турок. Галоўны ўрач РЦГіЭ Вольга Рудакова нагадала пра неабходнасць вакцынацыі і рэвакцынацыі супраць COVID-19.

Супрацоўнікі цэнтра актыўна ўключыліся ў дыялог: цікавіліся планамі на добраўпарадкаванне Браслава, у прыватнасці, што датычацца будаўніцтва і догляду тратуараў, механізмам атрымання арэндных «квадратаў», перспектывамі адкрыцця ў горадзе гандлёвых кропак з абуткам. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ