У Браслаўскім раёне ўбрана амаль 70 % плошчаў. Намалочана 25 тысяч тон зерня

Уборочная-2022
Да канца жніўня аграрыі Віцебшчыны плануюць закончыць уборку збожжавых і зернебабовых культур (без уліку кукурузы). Пра гэта казаў на цырымоніі ўшанавання перадавікоў уборачнай кампаніі ў Аршанскім раёне старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін: «… упэўнены, што да 1 верасня завершым жніво. Усё гэтаму спрыяе: і надвор’е, і наяўнасць тэхнікі. Калі нешта ламаецца, то рамантуем своечасова… Плануем да канца тыдня ўпэўнена наблізіцца і пераадолець намалот у 1 млн т. Аптымізм ёсць, засталося ўсё гэта захаваць і працягваць працаваць на палях да поўнай перамогі».

Браслаўчане таксама нацэлены на добры вынік, і для гэтага ўжо ёсць падставы. Так, на раніцу 23 жніўня агульная вага каравая вобласці складала больш за 833 тоны пры сярэдняй ураджайнасці культур 31,5 цэнтнера з гектара.

На Браслаўшчыне на гэтую дату ўбралі амаль 68 % плошчаў. Калі параўноўваць дадзеную лічбу з мінулагодняй, то па тэмпах уборкі мы пакуль адстаём, бо летась ужо было абмалочана 83,7 % ад плана. Але трэба адзначыць, што ў гэтым годзе па аб’ектыўных прычынах уборачная кампанія пачалася прыкладна на 10 дзён пазней. Між тым радуе сёлета вага коласа. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне цяпер складае 26,6 цэнтнера з гектара, летась жа на гэты дзень была ўсяго 18,7ц/га. Таму і збожжа намалочана ўжо на 4 тыс. тон больш – усяго 24,6 тыс. т.

Калі глядзець, як ідзе ўборачная ў разрэзе гаспадарак раёна, то бясспрэчным лідарам з’яўляецца між іх СВК «Маяк Браслаўскі». Тут пры ўраджайнасці 33,8 ц/га намалацілі 11,7 тысячы тон збожжа, што складае амаль палову раённага ўраджаю. Дарэчы, больш за 30 ц/га на круг бяруць у ААТ «Агравідзы», 28,5 – у падсобнай гаспадарцы «Урбаны».

Па тэмпах жа жніва на першым месцы хлебаробы КУСП «Браслаўскі»: яны ўжо абмалацілі 91 % засеяных плошчаў, 87,9 % – Відзаўскі каледж, 78,5 % – «маякоўцы», і 76,8 % ад збожжавага кліна ўбралі ў «Аграсэрвісе». Дарэчы, браслаўскія хлебаробы падкрэсліваюць, што ў любым выпадку плануюць справіцца з заданнем да 1 верасня. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ