У Браслаўскім раёне малаціць збожжа камбайнеру дапамагае дачка

Уборочная-2022
Яшчэ гадоў 10 таму назад падчас жнівеньскага прыпару ў кожнага камбайнера быў памочнік. Ён сачыў за якасцю ўборкі, дапамагаў абслугоўваць камбайн, чысціць яго і гэдак далей. Цяпер нашы механізатары абыходзяцца без памочніка, але ў некаторых ёсць альтэрнатыва. Напрыклад, Канстанцін Бурэль з КУСП «Браслаўскі» мае добрую падтрымку ад сваёй дачкі.

Крысціна з дзяцінства любіла прыбягаць на працу да бацькі, глядзець, як той рамантуе тэхніку, сее або ўбірае ўраджай. Сёння яна ўжо студэнтка Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа і прыехала на малую радзіму на канікулы, але ёй не сядзіцца дома. Дзяўчына кожны дзень з задавальненнем наведвае бацьку на залітых залатым збожжам палетках. Яна кажа, што ёй хочацца больш часу праводзіць з татам, а ён у гарачую пару з раніцы да позняга вечара працуе. Таксама Крысціна любіць бываць на прыродзе: дзяўчына натхняецца прыгажосцю родных мясцін, а побач з камбайнамі адчувае сябе таксама далучанай да найважнейшай справы – уборкі вырашчанага ўраджаю.

Канстанцін Бурэль рады такой памочніцы, бо Крысціна заўсёды падбадзёрыць яго добрым словам, прынясе халоднай вады ў поле, проста адорыць бацьку сваёй увагай. Ён жа заўсёды стараецца добра працаваць, быць у перадавіках, каб дачка ім ганарылася. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ