Паступленні ў бюджэты сельсаветаў Браслаўшчыны растуць

Новости
У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года паступленне ўласных даходаў у бюджэты сельскіх Саветаў Браслаўшчыны сёлета ў цэлым вырасла. Пра гэта на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў расказала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Цітовіч.

Паводле яе слоў, пры фарміраванні бюджэтаў першаснага ўзроўню ў 2022 г. захавана дзеючая практыка іх планавання і выканання. У агульным аб’ёме даходнай часткі бюджэтаў першаснага ўзроўню ўдзельная вага ўласных даходаў роўная 78,9 %.

Паступленне ўласных даходаў у бюджэты сельсаветаў за студзень – ліпень бягучага года склала 495 251 рубель, выкананне гадавога плана па ўласных даходах забяспечана на 59,1 % пры разліковым значэнні 58,3.

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года паступленне ўласных даходаў сёлета ў цэлым вырасла на 13,5 %, што склала 58 911 рублёў, у тым ліку за кошт павелічэння паступлення падаходнага падатку з фізічных асоб, збору за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, кампенсацый выдаткаў дзяржавы і іншых даходных крыніц.

Лепшыя вынікі пры выкананні плана па ўласных даходах за 7 месяцаў 2022 года атрымалі Далёкаўскі (91,3 % да гадавога плана), Плюскі (61,9 %), Цяцеркаўскі (57,2 %) сельсаветы. Не дасягнулі пакуль што разліковых паказчыкаў Друеўскі, Відзаўскі, Ахрэмавецкі і Слабодкаўскі.

Таццяна Цітовіч адзначыла, што асноўнымі даходнымі крыніцамі бюджэтаў першаснага ўзроўню з’яўляюцца падаходны падатак з фізічных асоб (паступленне склала 64,1 % ад агульнага аб’ёму ўласных даходаў), выручка ад продажу зямельных участкаў у прыватную ўласнасць грамадзянам (11,5 %), збор за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму (6,6 %), кампенсацыі выдаткаў дзяржавы (5,6 %), банкаўскія працэнты ад размяшчэння часова свабодных грашовых сродкаў бюджэтаў сельсаветаў на дэпазітных рахунках (3,9 %), падатак на нерухомасць фізічных асоб (2,1 %).

Трэба сказаць, што даходы ад продажу сельсаветамі зямельных участкаў перавысілі на сённяшні дзень 79 тысяч рублёў пры планавым заданні для раёна на 2022 год 80 тыс. Пры гэтым з запланаваных да продажу ў 2022 годзе 13-ці ўчасткаў прададзена 5 (4 – у Далёкаўскім сельсавеце і 1 – у Плюскім).

Як адну з дадатковых крыніц даходаў бюджэту начальнік фінансавага аддзела райвыканкама адзначыла сродкі самаабкладання. Сёлета іх фактычнае паступленне за 7 месяцаў склала 87,1 % да гадавога плана.

За справаздачны перыяд у бюджэты першаснага ўзроўню паступіла 12 824 руб. мясцовых падаткаў і збораў, з іх 10,5 тыс. – курортнага збору, 293 руб. – падатку за валоданне сабакамі, 1,9 тыс. – збору з нарыхтоўшчыкаў. Удзельная вага дадзеных падаткаў і збораў у агульнай суме ўласных даходаў склала 2,6 %.

Падводзячы вынікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская падкрэсліла асаблівую ролю старшынь сельсаветаў у напаўненні мясцовых бюджэтаў і заклікала іх прымаць максімальныя меры па павелічэнні даходнай часткі. ■

Жанна БЯЛЬКО