Вопыт і маладосць. Ураджай на Браслаўшчыне ўбіраюць прадстаўнікі розных пакаленняў

Уборочная-2022
Сёння галоўная задача аграрыяў – своечасова ўбраць хлеб. Таму з ранку да позняга вечара на палях гудуць камбайны, старанна заграбаючы ў жаткі налітыя каласы. У гарачую пару кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў стараецца задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы: і транспартныя, і чалавечыя. На жніве дапамагаюць работнікі і тэхніка з гарадскіх арганізацый, па дагаворы падраду за руль камбайнаў і МАЗаў селі пенсіянеры, на складах і ворахасушыльных комплексах занятыя падлеткі. Разам яны шчыра робяць адну справу – убіраюць вырашчаны ўраджай.

На раніцу 11 жніўня ў цэлым па краіне ўжо зжалі палову засеяных плошчаў, на Віцебшчыне абмалацілі 32,8 %, у нашым раёне – 26,5 %. Браслаўскі каравай у гэты дзень важыў крыху больш за 11 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 29,9 цэнтнера з гектара.

Найбольшы працэнт плошчаў убралі ў КУСП «Браслаўскі» (40 %), таксама ў лідарах ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» (37,3 %) і «маякоўцы» (32 %). Найвышэйшая ўраджайнасць у «Маяку» (38,4 ц/га), «Агравідзах» (31 ц/га) і «Аграсэрвісе» (29,2 ц/га).

Як расказаў дырэктар ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» Аляксандр Міхайлаў, надвор’е не толькі дазваляе хлебаробам убіраць вырашчаны ўраджай цэлы светлавы дзень, а нават дапамагае, добра падсушваючы збожжа яшчэ на карані. Калі ў першыя дні жніва браслаўчане мелі вільготнасць збожжа каля 27 %, то цяпер гэтая лічба вагаецца ад 16 да 13 %. Зразумела, што такая вільготнасць радуе аграрыяў, бо дазваляе сэканоміць шмат часу і рэсурсаў на дасушцы збажыны.

Тым часам гэтая гаспадарка ўжо здала дзяржаве запланаваныя 60 тон пшаніцы, якая па якасці прайшла ўсе тэсты і адпавядала стандарту. У хуткім часе аграрыі пачнуць убіраць і жыта, 80 тон якога таксама адправіцца ў агульны свіран.

У «Аграсэрвісе» на жніве працуюць 3 камбайны. На адвозцы збожжа задзейнічаны 3 МАЗы, адзін з іх разам з вадзіцелем выправіўся на дапамогу сельгаспрадпрыемству з ДЭУ34, за руль яшчэ аднаго на час уборачнай кампаніі сеў пенсіянер Казімір Баравік.

Дарэчы, К. Баравік мае за плячыма 43-гадовы стаж. Ён мясцовы жыхар і ўсё сваё жыццё працаваў на гэтых землях. Яшчэ зусім маладым хлопцам у былой «Сельгастэхніцы» атрымаў дазвол на кіраванне разнастайным транспартам. Працаваў ён і на трактары, і на камбайне, кіраваў аўтобусам і МАЗам. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Казімір Баравік таксама дапамагае, як кажа сам, роднаму калгасу. У зімовы перыяд працуе качагарам на ФАПе або вадзіцелем у гаспадарцы, а на жніве зноў садзіцца за руль магутнага МАЗа. «Пакуль магу – працую, разумею, што і гаспадарцы трэба дапамагчы, і мне ёсць шанс лішні рубель да пенсіі зарабіць», – кажа сталы механізатар.

Аляксандр Міхайлаў заўважае, што вельмі важна, калі побач працуюць некалькі пакаленняў. Больш спрактыкаваныя вадзіцелі, як, напрыклад, К. Баравік, дзеляцца вопытам з маладымі работнікамі, дапамагаюць ім парадай ды справай пры рамонце тэхнікі, моладзь жа ў сваю чаргу падбадзёрвае старэйшых калег сваім энергічным запалам.

Задзейнічаны на жніве ў ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» і падлеткі: яны дапамагаюць на ворахасушыльным комплексе. Увесь дзень мяняючы мятлу на лапату, хлопцы ўчатырох сушаць збожжа. Дарэчы, самаму маладому, Івану Вірбалу, 14 год. Ён, як і яго старэйшыя сябры Андрэй Кашкур і Максім Сокалаў, мясцовыя хлопцы і прыйшлі працаваць, каб правесці летні час з карысцю ды зарабіць першыя ў сваім жыцці грошы. Тут яны пазнаёміліся і з браслаўчанінам Сяргеем Крыжаноўскім, які прыехаў да бабулі на канікулы і, даведаўшыся пра падпрацоўку, таксама ахвотна пагадзіўся ўзяцца за справу.

Падлеткі расказалі, што працаваць не так і проста. На вораху заўсёды спякотна, шмат фізічнай працы, пылу, але яны не скардзяцца, бо разумеюць, што лёгкага хлеба не бывае. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ