Ахова працы: маніторынгавая група наведала КУСП «Браслаўскі»

Новости
На працягу года сельгаспрадпрыемствы раёна, як і іншыя арганізацыі, наведваюць прафсаюзныя лідары і адказныя за ахову працы асобы. Разам яны праводзяць маніторынг умоў, у якіх працуюць работнікі, выкананне імі правіл бяспекі.

Нядаўна старшыня раённага прафсаюзнага аб’яднання Вераніка Сінькевіч, лідар галіновага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка і галоўны інспектар па ахове працы Ларыса Лапко наведалі КУСП «Браслаўскі». Яны чарговы раз нагадалі пра бяспеку на рабочым месцы, праверылі наяўнасць спецвопраткі і неабходнай дакументацыі, паглядзелі, як арганізаваны бытавыя ўмовы для адпачынку вясковых працаўнікоў. Таксама ў гэты дзень удзельнікі маніторынгавай групы наведалі сталовую сельгаспрадпрыемства, дзе пракантралявалі, як арганізавана харчаванне ўдзельнікаў жніва.

На жаль, убачанае выклікала ў правяраючых нямала пытанняў. У асноўным гэта тыя ж недапрацоўкі інжынера па ахове працы, што былі выяўлены пры папярэдніх праверках. Не паклапаціліся ў «Браслаўскім» ні пра санітарна-бытавыя ўмовы для рабочых, ні пра выкананне пітнога рэжыму. У цэху, дзе працуе токар, ля станкоў адсутнічаюць спецыяльныя агароджы, на саміх агрэгатах няма абарончых кожухаў. Высветлілася таксама, што ў гаспадарцы складанасці і са спецвопраткай. Выдадзена яна часткова, у асноўным механізатары карыстаюцца асабістымі рэчамі.

Працэс жа забеспячэння харчаваннем тых, хто задзейнічаны на жніве, тут больш-менш наладжаны. Абеды гатуюць у мясцовай сталоўцы і ў спецыяльных тэрмасах вязуць першае, другое і кампот на поле.

Пасля правядзення чарговага маніторынгу ў КУСП «Браслаўскі» яго кіраўніку і інжынеру па тэхніцы бяспекі былі выпісаны рэкамендацыі і вызначаны тэрмін на выпраўленне выяўленых недахопаў. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ