У Браслаўскім раёне ідзе падрыхтоўка школ да новага навучальнага года

Новости
На календары трэці месяц летніх канікулаў, і ва ўстановах адукацыі Браслаўшчыны настала, бадай, ці не самая гарачая пара: тут рыхтуюцца да новага навучальнага года. Прыёмка гатоўнасці пачнецца на 2-м тыдні жніўня, і ў школах і дзіцячых садах завяршаюцца рамонтныя работы.

Сёлета юных браслаўчан чакаюць 10 дашкольных устаноў і 10 – агульнай сярэдняй адукацыі, 3 цэнтры – карэкцыйнага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны, дзяцей і моладзі. Па словах начальніка аддзела райвыканкама па адукацыі Людмілы Каптур, каб стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей ды атрымаць сертыфікаты і пашпарты гатоўнасці, іх калектывы правялі значную падрыхтоўчую работу, якая ўжо знаходзіцца на стадыі завяршэння. Пры гэтым у многіх установах адукацыі абышліся ўласнымі сіламі, а іх кіраўнікі актыўна працавалі ў плане наладжвання сувязей з шэфскімі арганізацыямі раёна.

Значныя пераўтварэнні адбыліся ў Друйскай школе, дзе ў харчблоку з’явілася вентыляцыя, і ў гімназіі – тут устанавілі пажарную сігналізацыю. У яслях-садзе ва Урбанах гаспадарчым спосабам адрамантавалі дах на сродкі, выдзеленыя мясцовым сельсаветам. У сярэдняй школе № 1 імя А. М. Жданава шмат увагі ўдзялілі добраўпарадкаванню тэрыторыі: удасканалілі дзіцячую пляцоўку, высадзілі туі. У гімназіі абнавілі класы, сучасны выгляд набылі тут калідоры, ва ўстанове таксама стыльна аформілі пакой, дзе размяшчаецца рабочая група тэлеканала «ОкоТВ». Спонсарскую дапамогу аказаў СВК «Маяк Браслаўскі», які паспрыяў і ў рамонце падлогі ў Пагашчанскім яслях-садзе.

У цэнтры дзяцей і моладзі абнавілі лінолеум. Добра папрацавалі і ў Ахрэмаўскай школе: яна сустракае бліскучымі свежапафарбаванымі падлогамі.

Шмат сіл было ўкладзена ў рамонт і добраўпарадкаванне не толькі школ і іх тэрыторый, а і закрытых раней устаноў, замацаваных за імі.

Вялікі фронт работ разгарнулі і ў Опсаўскай яслях-садзе – сярэдняй школе.

– Яшчэ ў мінулым годзе мы сваімі сіламі ўзяліся за актавую залу, дзе ў выніку аб’ём рамонту пераўзышоў запланаваны: давялося перарабляць сцены, падлогу (толькі яе плошча склала 185 м²), ацяпленне і інш., – кажа дырэктар школы Святлана Курбан. – Плюс замена дзвярэй – уваходнай групы і аварыйнага выхада, разам з работамі і матэрыяламі гэта каля 30 тыс. руб. Ад усяго калектыву хачу выказаць словы ўдзячнасці старшыні СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальду Шукялю: гаспадарка, з якой мы наладзілі добрае супрацоўніцтва, аказала нам значную дапамогу. Збіраемся заняцца таксама асвятленнем – плануем справіцца самастойна. У такую прыгожую абноўленую залу варта і мэблю адпаведную – ужо маем дызайн-праект, будзем ажыццяўляць.

І самі не сядзім склаўшы рукі, займаемся традыцыйнымі работамі – афарбоўкай падлогі, сцен, дзе гэта патрабуецца. Мы стараемся штогод адрамантаваць 1 – 2 вучэбныя памяшканні. Вось і сёлета надаём больш сучасны выгляд кабінету пачатковых класаў. Таму на новы навучальны год настроены пазітыўна, будзем і далей прыкладаць намаганні, каб у нашай школе дзецям было камфортна і ўтульна, а ўмовы навучання не ўступалі гарадскім. Зроблена многае, аднак нам яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. ■

Жанна БЯЛЬКО