Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік»

Новости
Інфармацыйная група райвыканкама на чале з яго старшынёй Вячаславам Грышчанкам сустрэлася з калектывам КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік». Размова закранула як маштабныя рэспубліканскія тэмы, так і мясцовыя.

Адкрыў сустрэчу кіраўнік камунальнага прадпрыемства Кірыл Каштальян: ён коратка пазнаёміў гасцей з агульным станам спраў у арганізацыі, давёў да прысутных яе асноўныя эканамічныя паказчыкі.

У сваю чаргу В. Грышчанка падкрэсліў, што работа камунальнікаў бачная і важная, а ад таго і складаная. Па яго меркаванні, мясцовая служба ЖКГ годна спраўляецца з пастаўленымі задачамі: выконвае вялікі аб’ём работ, аператыўна рэагуе на праблемныя моманты.

Пра поспехі і дасягненні Беларусі на сучасным этапе ўдзельнікам дыялогу расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына. Яна адзначыла, што за апошніх некалькі гадоў наша краіна сутыкнулася з цэлым шэрагам выклікаў: у 2020-м рэспубліка перажыла перыяд сацыяльнай напружанасці, у 2021-м – складаныя хвалі эпідэміі COVID-19, у 2022-м жыве ва ўмовах моцнага санкцыённага ціску.

Тым не менш нам было і ёсць чым ганарыцца. Так, Рэспубліка Беларусь традыцыйна займае высокія пазіцыі ў сусветным рэйтынгу па індэксе чалавечага развіцця, мае магутную прамысловасць і брэнды, якія ведаюць і паважаюць на ўсіх кантынентах, мы запусцілі сваю АЭС, атрымліваем электраэнергію па адным з найбольш танных у Еўропе тарыфаў, паралельна дасягнулі практычна паўсюднай газіфікацыі і развіваем энергетыку на мясцовых відах паліва, у краіне забяспечана харчовая бяспека і наладжаны экспарт шырокага кола прадуктаў харчавання, на высокім узроўні адукацыя, медыцына якасная і даступная.

«Праблемы ёсць, як, дарэчы, і паўсюль, аднак мы актыўна працуем над іх вырашэннем. Разам з тым мы многага дасягнулі, і пра гэта таксама варта гаварыць», – рэзюмаваў выступленне кіраўнік раёна.

Абмеркавалі прысутныя і іншыя актуальныя тэмы. Так, галоўны ўрач РЦГіЭ Вольга Рудакова расказала калектыву «Браслаў-камунальніка» пра сезонныя інфекцыйныя захворванні і меры перасцярогі, каб іх пазбегнуць. У прыватнасці, яна нагадала пра самы эфектыўны ў гэтым плане інструмент – вакцынацыю, у тым ліку супраць COVID-19. Галоўны спецыяліст упраўлення райвыканкама па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ларыса Лапко завастрыла ўвагу прысутных на аспектах аховы працы, чарговы раз заклікала бясспрэчна выконваць усе патрабаванні ў гэтай сферы і бараніць жыццё і здароўе чалавека як нашы найвышэйшыя каштоўнасці. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ