У Браслаўскім раёне стартаваў другі этап корманарыхтоўчай кампаніі

Новости
У раёне не спыняецца корманарыхтоўчы працэс. Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарча, на раніцу 26 ліпеня ўсяго сельгаспрадпрыемствамі раёна скошана траў з плошчы 10 272 га. Да другогу ўкосу ўжо прыступілі ў падсобнай гаспадарцы «Урбаны», і амаль 45 % канюшыны скасілі ў ААТ «Агравідзы». Астатнія пакуль падцягваюцца да лідараў.

У ААТ «Слабодка-агра» нарыхтавалі 2 117 тон кармавых адзінак, або па 17,21 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што складае пакуль крыху больш, чым 61 % ад плана. Усё гэта зроблена дзякуючы асобнаму атраду, у якім задзейнічана каля дзясятка адзінак корманарыхтоўчай тэхнікі. Адной з іх кіруе вопытны камбайнер Андрэй Бурлакоў. Гэты механізатар амаль 30 гадоў круціць баранку розных сельскагаспадарчых машын. Як расказваюць пра яго спецыялісты прадпрыемства, ён адказны вадзіцель, які добра разбіраецца ў механізмах, заўсёды хутка і якасна выконвае сваю работу. Уся тэхніка, даручаная Андрэю, утрымліваецца ў парадку, яна заўсёды дагледжаная. Цяпер А. Бурлакоў рыхтуе кармы на КВК800 і кожны дзень стараецца працаваць плённа, каб зімой жывёла была накормленая і давала больш прыбытку гаспадарцы, а значыць, і ўсім, хто тут працуе. ■