Сярэднявечныя традыцыі і «жывыя скульптуры». Чым браслаўчане здзіўлялі «Славянскі базар»

Отдых
Фестывальныя дні былі напоўнены не толькі музычнымі і тэатральнымі сустрэчамі, але і спартыўнымі.

Адным з найбольш відовішчных мерапрыемстваў «Славянскага базару» стаў лёгкаатлетычны забег. Ён сабраў больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў. Разам з дарослымі ў ім удзельнічалі і дзеці. Дыстанцый было некалькі: ад аднаго да дзесяці кіламетраў. Правесці спаборніцтвы ў спрыяльных умовах дазволіла і надвор’е.

Сярод бегуноў былі таксама і прадстаўнікі нашага раёна. Алена Сачкова разам з дзецьмі Ягорам і Надзеяй спрабавалі свае сілы ў забегу.

– Мы прымалі ўдзел у такіх маштабных спаборніцтвах упершыню. Нягледзячы на ранні выезд – амаль у дзве гадзіны ночы, каб паспець на рэгістрацыю і старт, – нам спадабалася. Было ўсё арганізавана добра: удзельнікаў забегу суправаджалі медыкі і міліцыя, нам падказвалі маршрут і напрамак. Уразіла, што было вельмі шмат спартсменаў і вялікая колькасць дзяцей! Эмоцыі перапаўняюць, а на ўспамін нам застануцца медалі, якія ўручалі на фінішы, – падзялілася Алена.

Яшчэ адной відовішчнай падзеяй сталі абласныя спаборніцтвы па гіравым спорце, да ўдзелу ў якіх, акрамя прадстаўнікоў Беларусі, зарэгістраваліся і жыхары Пскова, Смаленска, Вялікіх Лук і інш. Браслаўчанін Уладзімір Анецька таксама спрабаваў свае сілы ў іх. Унікальнасць спаборніцтваў у тым, што побач з прафесіяналамі сваю падрыхтоўку паказваюць і аматары. Трэба адзначыць, што прадстаўнік нашага раёна выглядаў годна і паказаў добры вынік, што дазволіла яму трапіць у лік лепшых спартсменаў.

Дзень моладзі: патрыятычна і крэатыўна

У рамках фестывалю ў Віцебку праходзіў Дзень моладзі, які сабраў дэлегацыі з розных гарадоў Беларусі і гасцей з Расіі. Прадстаўлены на ім былі і браслаўчане.

Удзел у запланаваных мерапрыемствах брала першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Алёна Гасюль. «Арганізатары прадумалі цікавую праграму дня. Яна давала магчымасць не толькі ўбачыць, якая таленавітая ў нас моладзь, але і пазнаёміцца з калегамі, абмяняцца думкамі, запланаваць сумесныя мерапрыемствы», – расказала яна.

Падчас Дня моладзі быў дадзены старт традыцыйнай патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае. Памятае кожнага». Яна пачалася з тэатралізаванай пастаноўкі народнага тэатра мініяцюр «Покер» Браслаўскага РЦК. «Адкрываць гэту патрыятычную акцыю – адказна і ганарова. Наша пастаноўка прысвячаецца ваенным часам, мы паказваем помнікі, усталяваныя ў розных месцах, і такім чынам аддаём даніну павагі загінулым», – адзначыў кіраўнік калектыву Яўген Набееў. Акрамя гэтага, тэатр мініяцюр таксама ўпрыгожыў сваімі жывымі статуямі вуліцы горада.

Пасля ўскладання кветак моладзь прайшлася ўрачыстым шэсцем да канцэртнага зала «Віцебск», дзе і адбываліся тэматычныя мерапрыемствы.

Дэбют барабаншчыц

Удзел у IV Міжнародным фестывалі-конкурсе барабаншчыц і мажарэтак прынялі прадстаўнікі Браслаўскай ДШМ – ансамбль барабаншчыц «Брава». Для дзяўчат мерапрыемства стала дэбютным. Яны яшчэ не выступалі на міжнародных фестывалях, а цяпер выйшлі на новы ўзровень. Усяго конкурс сабраў больш за 700 удзельнікаў. Калектывы былі рознаўзроставыя, кожны са сваёй праграмай. Аднак і нашы прадстаўніцы не згубіліся ў карагодзе рытму барабанаў і выступілі годна.

Стварылі сярэднявечную атмасферу

Сёлета майстры і творцы Браслаўшчыны не прадстаўлялі, як штогод, падвор’е раёна з яго адметнасцямі, а стваралі аўтэнтычную сярэднявечную атмасферу падчас міжнароднага свята-конкурсу «Зніч». Падрыхтаваліся да гэтага нашы музейныя супрацоўнікі сумесна з культработнікамі грунтоўна. Так, Людміла Рулевіч паказвала тэхналогію стварэння паясоў і выстаўляла іх калекцыю, а Юрый Рулевіч на месцы плёў рыбалоўныя сеткі. Ларыса Дарафейчык навучала ўсіх жадаючых азам лепкі з гліны і рабіла цацкі па ўзоры сапраўдных археалагічных знаходак на тэрыторыі раёна, Мікалай Дзянісаў дэманстраваў тэхніку спіральнага пляцення з саломы, лазы і сасновага кораня, Элеанора Зінкевіч прала на старажытным верацяне, а Валерый Зінкевіч займаўся вырабам глінянага посуду. Дапаўнялі атмасферу свята работнікі Браслаўскага РЦК, якія праводзілі гульні і забавы, а культработнікі Іказненскага СДК шчыра частавалі гасцей стравамі па старадаўніх рэцэптах. Словам, у браслаўчан было цікава, весела і займальна. Прываблівалі яны і знешнім выглядам: старажытныя ўборы ўдала дапаўнялі агульную карціну сярэдневяковага побыту. Акрамя таго, з фондаў музея ў Віцебск была адпраўлена калекцыя каваных прадметаў.

Да нашых прадстаўнікоў часта прыходзілі госці. Так, да іх завітаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. Ён з цікавасцю прыняў удзел у майстар-класах па рамёствах і такім чынам даведаўся пра асаблівасці браслаўскіх традыцый.

Прыемным момантам фестывальнага дня стала і ўручэнне творчаму калектыву Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў дыплома лаўрэата 1 ступені свята-конкурсу народнага касцюма «Сцяжкі майстэрства-2022» у намінацыі «Лепшая прэзентацыя з майстар-класамі рамесных лакальных і рэгіянальных спосабаў вырабу асобных прадметаў адзення». ■

Алена НАБЕЕВА