У Браслаўскім раёне завяршаецца першы этап корманарыхтоўчай кампаніі

Новости
Учарашні моцны дождж зноў прыпыніў ход корманарыхтоўкі ў Браслаўскім раёне. Але аграрыі спадзяюцца, што не надоўга, бо прыйшоў час заканчваць з першым укосам траў.

Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарча, на раніцу 12 ліпеня ў раёне было скошана 8 465 гектараў траў, што складае 81,4 % ад плана. Разам усе гаспадаркі назапасілі амаль 12 500 тон кармавых адзінак, а гэта азначае, што на адну ўмоўную галаву жывёлы ўжо маецца па 11,09 цэнтнера кармавых адзінак. Пры гэтым варта адзначыць, што сёлета касавіца пачалася прыкладна на 10 дзён пазней за мінулагоднюю, але тэмп яе больш хуткі, бо адставання ў лічбавым выражэнні амаль не адчуваецца.

Для ААТ «Друйскі» мінулы год выдаўся складаным. Кармавая база была невялікая, і прыходзілася эканоміць. Сёлета, як расказаў аграном гаспадаркі Іван Мядзіль, пачыналі касіць амаль на 2 тыдні пазней, чым летась, і выбіралі больш ураджайныя ўчасткі. У другой палове чэрвеня добра пацяплела і травы кінуліся ў рост.

Цяпер спецыяліст, ацэньваючы ўраджайнасць травастою, кажа, што, калі надвор’е ды тэхніка не падвядуць, гаспадарка без кармоў не застанецца. Цяпер у «Друйскім» працуюць два корманарыхтоўчыя атрады. Першы складаецца з 2 КВК, касілкі і грабель. На адвозцы зялёнай масы задзейнічаны 3 – 4 ПІМы і МАЗ, на трамбоўцы – «Амкадор».

Другі атрад больш сціплы: касілка, граблі і прэс-падборшчык.

На раніцу ўчарашняга дня ў ААТ «Друйскі» першым укосам было скошана 990 га траў, або 73,2 % ад плана. Тут ужо паспелі нарыхтаваць 346 тон сена (86,5 %), 4 558 тон сенажу (57,7 %). У траншэі заклалі 4 403 тоны сакавітага корму. На ўмоўную галаву жывёлы пакуль тут маецца 9,47 цэнтнера кармавых адзінак.

– З кадрамі ў гэтым годзе асаблівых складанасцей не было, – кажа І. Мядзіль. – У асноўным у нас працуюць вопытныя механізатары, але сёлета далучылася да касавіцы і моладзь: Дзмітрый Кузняцоў і Еўдакім Кірылаў. Хлопцы працуюць старанна і не саромяцца спытаць, калі што незразумела.

Сам жа Д. Кузняцоў расказаў, што пасля заканчэння Відзаўскага каледжа 3 месяцы працаваў у падсобнай гаспадарцы «Урбаны», потым адслужыў у войску і вярнуўся на сваю малую радзіму ў Друю. Маладому механізатару даручылі МТЗ-3022. На ім хлопец возіць зялёную масу да траншэй. Дзмітрый працуе шчыра, стараецца не адставаць ад вопытных калег. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ