У Віцебску стартуе ХХХІ «Славянскі базар». Для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю прадугледжаны бязвізавы ўезд у краіну

Отдых
XXXI Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета пройдзе з 13 па 18 ліпеня

Урачыстае адкрыццё музычнага форуму мастацтваў адбудзецца 14 ліпеня, а скончыцца фестываль 17-га. На 13 і 18 чысло запланаваны дадатковыя мерапрыемствы.

Нагадаем, «Славянскі базар» – гэта ўнікальны маштабны музычны форум, які стаў сапраўдным культурным брэндам не толькі Віцебскай вобласці, а і Беларусі ў цэлым. Нязменным застаецца яго дэвіз – «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення».

Асноўнымі падзеямі фестывалю стануць урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця (14 ліпеня, Летні амфітэатр), канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае…» (15 ліпеня, Летні амфітэатр), XXXI Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» (15 – 17 ліпеня, Летні амфітэатр), юбілейны XX Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск» (13 – 14 ліпеня, к/з «Віцебск»), канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі (17 ліпеня, Летні амфітэатр), цырымонія і гала-канцэрт закрыцця фестывалю (17 ліпеня, Летні амфітэатр) і іншае.

З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца на сайце дырэкцыі фестывалю fest-sbv.by.

Квіткі даступныя да продажу на сайтах fest-sbv.by, kvitki.by, ticketpro.by, 24afisha.by і ў касах Віцебска.

Прадугледжаны нават бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю з 73 дзяржаў.

Пропускам для бязвізавага перасячэння дзяржаўнай мяжы для замежных грамадзян будзе арыгінальны або электронны білет на мерапрыемствы фестывалю, якія праводзяцца ў Летнім амфітэатры або канцэртнай зале «Віцебск». Пры гэтым па адным квітку дапускаецца аднаразовы ўезд у Беларусь аднаго замежнага грамадзяніна не пазней за дату правядзення названага ў білеце мерапрыемства.

Плануецца, што ўдзел у фестывалі сёлета прымуць звыш тысячы чалавек больш чым з 25 краін свету. ■