Браслаўчанін пра работу на корманарыхтоўцы: вынік залежыць ад кожнага

Люди
Любая сезонная кампанія, ці то пасяўная, ці корманарыхтоўка або жніво, вельмі важная і адказная для аграрыяў. І калі народная прыказка сцвярджае, што пасееш, тое і пажнеш, то, правёўшы аналогію, можна сказаць: колькі кармоў нарыхтуеш, столькі і будзеш мець малака ды мяса. Таму сёння работнікі сяла з усіх сіл стараюцца назапасіць на зімоўку для жывёлы разнастайны, каларыйны і якасны корм. Дырэктар ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» Аляксандр Міхайлаў паказаў нам свае палеткі з ураджаем і расказаў, як у падначаленай яму гаспадарцы праходзіць корманарыхтоўка.

Безумоўна, каб увесці мяне ў курс спраў, ён пачаў з лічбаў. Сёлета яго невялікаму прадпрыемству даведзены план скасіць першым укосам 490 га траў, на раніцу 7 ліпеня заданне было выканана на 95,3 %. У ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» нарыхтавалі амаль па 25 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – гэта найбольшая лічба ў разрэзе гаспадарак раёна. Падчас гутаркі Аляксандр Міхайлаў адзначыў, што травастой у гэтым годзе добры і ўраджайнасць яго радуе. Надвор’е таксама асабліва не перашкаджае корманарыхтоўчаму працэсу, а механізатары разумеюць, што летам важная кожная гадзіна, таму таксама не спяшаюцца пакінуць палеткі, а імкнуцца зрабіць больш і, адпаведна, атрымаць грошай. З улікам усіх гэтых фактараў гаспадарка ўжо змагла назапасіць 1 592 тоны сенажу, што складае 159,2 % ад плану. Увесь ён закладзены ў траншэі. Дарэчы, робяць тут гэтую работу максімальна хутка і якасна, вытрымліваючы тэхналагічныя нормы, бо разумеюць, што ад іх залежыць кандыцыя будучага корму.

Такога пункту погляду прытрымліваецца і механізатар гаспадаркі Андрэй Ажэшкоўскі. Звыш 10-ці гадоў яго працоўны шлях звязаны з аграсэрвісам. Цяпер работнік задзейнічаны на трамбоўцы сенажу. Цэлымі днямі яго «Амкадор» сціскае будучы корм у траншэі. Работа даволі аднастайная, але вельмі адказная, бо ад яе напрамую залежыць якасць зімовага рацыёну жывёлы. Механізатар таксама адзначае, што з прыходам у гаспадарку А. Міхайлава ў аграсэрвісе пачаўся новы перыяд, і, можа, росквітам яго назваць складана, але жыццё тут зноў закіпела. Тым, хто ўмее і хоча працаваць, цяпер ёсць добрая магчымасць зарабляць неблагія грошы. Заробак выплачваецца заўсёды своечасова і ў поўным аб’ёме. Таму механізатары з радасцю працуюць у мясцовай гаспадарцы і не рвуцца ў гарадскія арганізацыі.

Дарэчы, тут ужо пачалі рыхтаваць і сілас (17,3 % ад плана). Таксама практычна без перапынку на палетках аграсэрвіса сушыцца сена. Пакуль яго колькасць складае 63 тоны са 100 запланаваных, але галава прадпрыемства не перажывае на гэты конт, бо ёсць добры запас яшчэ з мінулагодняга ўраджаю. Дарэчы, сена сельгаспрадпрыемства штогод прадае насельніцтву: такім чынам гаспадарка зарабляе капейку, якая ніколі не бывае лішняй. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ