Глядзіце, як браслаўчане адсвяткавалі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

Новости
У нядзелю, 3 ліпеня, уся краіна адзначала Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Паўсюль ладзіліся мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай значнай даце. Урачыста і ярка прайшлі яны ў Браславе, дзе на цэнтральнай плошчы сабраліся гараджане і госці рэгіёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый.

Пачалося свята маляўнічым прывітаннем «Беларусы – гэта мы!». Маштабная вакальна-харэаграфічная кампазіцыя, якую прадставілі дзеці, моладзь і шматлікія працоўныя калектывы, падкрэсліла вартасці нашай краіны, а таксама каштоўнасць мірнага свабоднага жыцця і пераемнасць пакаленняў. Прадоўжылі цырымонію ўдзельнікі аўтапрабегу ў гонар Дня Рэспублікі – яны рушылі ў шлях у накірунку Друі.

Асаблівасцю сёлетніх мерапрыемстваў стаў урачысты марш сілавых структур, які ўпершыню прайшоў у Браславе. У парадным страі пры музычным суправаджэнні ваеннага аркестра Полацкага пагранічнага атрада чаканілі крок разлікі опсаўскай пагранічнай камендатуры, аддзялення пагранічнага кантролю «Урбаны», Браслаўскага мытнага паста, РАУС, РАНС і навучэнцы класа МНС СШ № 2.

Браслаўчане аддалі даніну павагі вялікаму подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Урачыстая калона, у радах якой – кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў, дэпутаты, кіраўнікі арганізацый, калектывы прадпрыемстваў, ветэраны працы, накіравалася да помніка воінам-вызваліцелям, дзе адбыўся мітынг-рэквіем «Мы гэтай памяці верныя». Віншуючы прысутных са знамянальнай датай, старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка падкрэсліў, што яе асаблівы сэнс – у дэманстрацыі адзінства, у імкненні да ўдасканалення нашага агульнага дома. «Разам мы – гарантыя ўпэўненай будучыні нашай краіны, нашага рэгіёна», – сказаў ён. Кіраўнік раёна нагадаў, наколькі важна шанаваць подзвіг беларускага народа, і адзначыў, што гістарычная праўда, яе данясенне да маладога пакалення – адна з асноў развіцця нашага грамадства. Выказаў В. Грышчанка і ўдзячнасць браслаўчанам за іх уклад у развіццё рэгіёна. З віншавальнымі словамі да ўдзельнікаў мерапрыемства таксама звярнуліся пракурор Браслаўскага раёна Юрый Кезік, старшыня раённага аддзялення Беларускага фонду міру Ірына Мацук і першы сакратар райкама БРСМ Алёна Гасюль. Хвілінай маўчання і воінскім салютам ушанавалі прысутныя памяць загінулых абаронцаў і ўсклалі вянкі і кветкі да падножжа помніка.

Прадоўжылася святкаванне Дня Незалежнасці ў Леснічоўцы, дзе адбыўся канцэрт творчых калектываў Браслаўшчыны і ваеннага аркестра Полацкага пагранатрада. Там жа працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі ратавальнікаў, краязнаўчага музея, гарадской бібліятэкі і цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама гандлёвыя кропкі і забаўляльныя пляцоўкі. ■

Жанна БЯЛЬКО