У лагеры «Непаседы» пры Браслаўскай школе № 1 імя А.М. Жданава адпачываюць 68 дзяцей

Отдых
З прыходам жаданых летніх канікулаў многія навучэнцы тым не менш не спяшаюцца пакідаць сцены сваіх школ: установы адукацыі прапануюць дзецям адпачыць у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем. Працуе такі і ў сярэдняй школе № 1 імя А. М. Жданава, а яго назва «Непаседы» яскрава перадае атмасферу, што пануе ў ім.

Гэта адзначыла і дырэктар установы Людміла Стальмачонак падчас творчага мерапрыемства «Добры дзень, лета!», якое дало старт рабоце лагера. Яна пажадала 68-мі вучням пачатковых класаў на працягу 21-го дня – менавіта столькі доўжыцца змена – атрымліваць толькі станоўчыя эмоцыі і ўражанні, набываць новых сяброў ды весела адпачываць. І ўжо першыя конкурсы, праведзеныя вядучымі, паказалі, якія актыўныя і цікаўныя дзеці сабраліся тут.

Педагогі загадзя паклапаціліся, каб час, праведзены навучэнцамі ў лагеры, быў таксама бяспечным. Далучыліся да іх і супрацоўнікі адпаведных ведамстваў, службаў: інспектар Браслаўскага РАНС Вадзім Чэкан і вадалаз Ігар Баравік, які прадстаўляў Асвод, нагадалі выхаванцам з 4-х атрадаў пра важнасць правільных паводзін і з мэтай замацаваць іх запрасілі наведаць пажарную часць і выратавальную станцыю.

Відавочна, што насычаная праграма лагернай змены, якая ўключае гульні, заняткі па інтарэсах, экскурсіі і г. д., запомніцца дзецям надоўга, а трохразовае харчаванне і дзённы сон (для навучэнцаў 1 – 2 класаў) паспрыяюць умацаванню іх здароўя.

Жанна БЯЛЬКО