Браслаўчане ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

Год исторической памяти
Браслаўчане ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Адпаведныя мерапрыемствы прайшлі на мемарыяле воінам-вызваліцелям у журботную дату – 22 чэрвеня.

Ужо ў чатыры гадзіны раніцы тут запалілі свечкі. Такім чынам неабыякавыя жыхары раёна далучыліся да рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Памяць сэрца».

Больш маштабны мітынг-рэквіем адбыўся ўжо днём. Ён прайшоў пры ўдзеле кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. Пранікнёныя вершы ў выкананні школьнікаў, прамова ваеннага камісара Мікалая Скаўронскага, выпушчаныя ў неба імправізаваныя белыя галубы – усё гэта несла адзіны сэнс: вайна не павінна паўтарыцца, мы хочам жыць у мірнай краіне.

Тым часам асаблівую ўрачыстасць і строгасць мерапрыемству надаваў удзел у ім каменданцкай роты Полацкага пагранічнага атрада. Прысутныя літаральна нібы заварожаныя назіралі, як ваеннаслужачыя стаялі ў ганаровай варце і чаканілі крок, трымаючы ў руках вянок.

Апагеем жа стала хвіліна маўчання і стрэлы салютнай групы. Дарэчы, браслаўчане моўчкі схілілі галовы разам з усёй краінай: акцыя прайшла ў Беларусі адначасова – у 12.00. ■

Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА