Першая прыватная кавярня і будаўніцтва бальніцы. Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў 1992-м

Отдых
У АБАРАЧЭННІ – РАЗЛІКОВЫЯ БІЛЕТЫ

У канцы мая – пачатку чэрвеня ў раёне з’явіліся разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Яны закліканы адыграць прамежкавую ролю на этапе пераходу да нацыянальнай валюты, а зона дзеяння каштоўных папер абмежавана граніцамі краіны. Разліковыя білеты дазволена выкарыстоўваць на выплату зарплаты, пенсій, стыпендый, дапамог – іх выдаецца палавіна ад патрэбнай сумы. Яны ходзяць нароўні з грашамі і абавязковыя для прыёму прадпрыемствамі гандлю, сувязі, службы быту, камунальнай гаспадаркі і інш.

ПЕРШАЯ ПРЫВАТНАЯ КАВЯРНЯ

Днямі па вуліцы Савецкай адкрылася першая ў Браславе прыватная кавярня з прыгожай назвай «Рагнеда». Тут можна паласавацца марожаным, разынкамі, арэхамі і нават бананавым сіропам, а таксама выпіць кубачак кавы, соку, з’есці шакаладку. Праўда, адпраўляючыся сюды, паглядзіце ў кашалёк, ці ёсць у ім хоць драўляныя, але рублі: «звяркоў» у якасці разліку ў кавярні не прымаюць.

ЗАКЛАДЗЕНА ПЛАНТАЦЫЯ ЖУРАВІН

На балоце каля ПМК-44 на плошчы прыкладна ў гектар меліяратары разбілі плантацыю паўночнаамерыканскіх журавін. На закупку расады затрачана 40 тысяч рублёў. Аддачы ў перасоўнай механізаванай калоне чакаюць праз тры гады, калі можна будзе атрымаць чаранкі ці ягады. Пры добрых умовах журавіны даюць па 15 тон ягад з гектара. Пры цяперашнім кошце на іх прыбытак арганізацыі можа быць значным.

КРАДЗЯЖЫ, КРАДЗЯЖЫ

– У ноч з 26 на 27 мая неўстаноўлены злачынца пранік у адзін з кабінетаў Друйскай сярэдняй школы, адкуль вынес рэчаў і грошай на суму каля 2 тыс. рублёў.

– Наступнай ноччу злачынца залез у магазін вёскі Падрукша. Вялікага ўрону не нанёс, але турбот кіраўніцтву Відзаўскага спажыўтаварыства і работнікам міліцыі нарабіў.

– З 2 на 3 чэрвеня з пашы каля г. п. Відзы ўкралі каня раённага вытворчага аб’- яднання ЖКГ. Сляды жывёлы вядуць у бок мяжы з Літвой, што, вядома, ускладніць пошук крадзенага.

…А НАВАСЕЛЛЕ ЎСЁ АДЦЯГВАЕЦЦА

Чарговы раз планава-бюджэтная камісія райсавета вынесла на абмеркаванне ход будаўніцтва новай бальніцы. Трымаць на пастаянным кантролі гэта пытанне дэпутатаў прымушаюць абставіны: сёлета аб’ект з усімі гаспадарчымі пабудовамі павінен быць здадзены ў эксплуатацыю. Аднак стан спраў ставіць пад сумненне рэальнасць яго ўводу ў строй. Пасля наведвання будоўлі, якую вядзе МПМК-42, засталося цяжкае ўражанне. На жаль, медустанова – важны сацыяльны аб’ект – не стала такім для будаўнікоў: работа тут не гарыць, а тлее.

КАБ РЫЗЫКА БЫЛА МІНІМАЛЬНАЙ

Браслаўшчыну наведала група вучоных з мэтай вырашэння пытанняў медыцынскай экспедыцыі, якая правядзе грунтоўнае абследаванне дзяцей і дарослых у 30-кіламетровай зоне Ігналінскай АЭС у нашым раёне. Мяркуемы тэрмін работы медыкаў-радыёлагаў – да канца чэрвеня. З дапамогай ультрагукавога і эндаскапічнага абсталявання яны змогуць вызначыць самыя дробныя адхіленні ў здароўі мясцовых жыхароў і высветліць, ці атрымалі людзі нават мізэрную дозу радыяцыі.

«ГАРАЧЫ» АБ’ЕКТ

Падобна, што пасля новай бальніцы гарадскія ачышчальныя збудаванні становяцца чарговым «гарачым» аб’ектам: іх запланаванае пашырэнне пад пагрозай зрыву. А гэта значыць, што па-ранейшаму будзе забруджвацца браслаўская сістэма азёр, што зноў будуць узнікаць праблемы з уводам жылых дамоў у эксплуатацыю. Праз выяўленыя пралікі праекта, які давялося пераглядаць, адсутнічаюць неабходныя дакументы і меліяратары не могуць разгарнуць фронт работ.

ЗВАРОТ

Выканаўчы камітэт раённага Савета народных дэпутатаў занепакоены сітуацыяй у сельскай гаспадарцы. Праз змяншэнне паставак збожжа з-за межаў краіны скарачаецца вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі, а адсутнасць дажджу на працягу амаль двух месяцаў адмоўна адбіваецца на развіцці траў, караняплодаў і збожжавых, што ўрэшце можа прывесці да збяднення харчовых запасаў. Таму выканкам звяртаецца да насельніцтва раёна з просьбай прыняць самы актыўны ўдзел у праполцы караняплодаў, касьбе траў, нарыхтоўцы сена і сенажу для грамадскага статка. ■

Жанна БЯЛЬКО