У Опсе правялі дзіцячае свята

Новости

Дзень ажыццяўлення дзіцячых жаданняў  — менавіта так называлася свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей, што прайшло ў Опсаўскай яслях-садзе – сярэдняй школе ў апошні вучэбны дзень.

На мерапрыемства запрасілі навучэнцаў і педагогаў суседніх школ, бацькоў, супрацоўнікаў РАНС і ДАІ, пагранічнай службы. Але галоўнымі ў гэты дзень былі, вядома ж, дзеці. Для іх разгарнулі працу разнастайныя пляцоўкі: псіхалагічная «Сям’я ад А да Я», танцавальная «Рытмы бяспечнага лета», гульнявая, спартыўныя, дзе чакалі юных турыстаў, футбалістаў і тэнісістаў, і іншыя. Пазнаёміўшыся з выстаўкамі работ выхаванцаў розных гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах, школьнікі маглі паўдзельнічаць у майстар-класах і зрабіць сваімі рукамі сувенір або ўпрыгожыць сябе вясёлым малюнкам у імправізаваным салоне бодзі-арта.

У хлопцаў асаблівай цікавасцю карысталіся пляцоўкі «Юныя сябры пагранічнікаў», на якой ваеннаслужачыя пагранічнай заставы «Опса» дэманстравалі зброю, і «Юныя ратавальнікі-пажарныя», дзе навучэнцы дэталёва вывучалі пажарную машыну, спрабавалі з брандспойта збіць вадой фішку і справіцца з задачамі па бяспецы. Выклікаў цікавасць таксама і спецтранспарт ДАІ, тым больш што на ім можна было праехацца.

А вось для дзяцей меншага ўзросту самымі жаданымі сталі надзіманыя атракцыёны, батут і салодкая вата з папкорнам. Увогуле кожны ўдзельнік мерапрыемства знайшоў сабе занятак па інтарэсах. Завяршыла ж свята канцэртная праграма «Праменьчыкі надзеі», падрыхтаваная таленавітымі вучнямі Опсаўскай, Відзаўскай і Дрысвяцкай школ.

Дзень ажыццяўлення дзіцячых жаданняў, нягледзячы на халоднае надвор’е, прайшоў цікава і ярка. Дзеці мелі магчымасць пазнаёміцца, пагутарыць, паказаць свае таленты і здольнасці ды весела правесці час. ■

 

Жанна БЯЛЬКО.