Вучань СШ № 2 горада Браслава заваяваў срэбра на рэспубліканскіх спаборніцтвах

Новости
Вучань яшчэ толькі восьмага класа СШ № 2 Кірыл Зянчонак ужо цяпер мае ў школе рэпутацыю ўсебакова развітай асобы з сур’ёзнымі задаткамі.

Акрамя таго, што па вучэбных прадметах яго сярэдні бал складае 8,1, ён выдатна праяўляе свае здольнасці ў тэхнічнай творчасці (намінант абласной дыстанцыйнай алімпіяды і раённага этапа па працоўным навучанні), атрымаў дыплом рэспубліканскага конкурсу віншавальных паштовак «Пад мірным небам», на занятках у школьным аб’яднанні па інтарэсах «Фабрыка цацак» выконвае цікавыя вырабы з дрэва, паспявае ўдзельнічаць у валанцёрскім руху, адным з першых увайшоў і ў школьны ваенна-патрыятычны клуб «Блокпост».

Але найбольшым захапленнем хлопца з’яўляецца спорт. Дарэчы, у выніку шырокага спектра сваёй пазнавальнай актыўнасці спортам Кірыл займаецца больш самастойна: круглы год «штурмуе» турнік, а зімой не прапускае ніводнага спрыяльнага дня, каб прайсціся на лыжах. Акрамя таго, захапляецца футболам, настольным тэнісам, увогуле не ўяўляе свайго жыцця без фізічнай актыўнасці.

Сёлета ў складзе каманды Віцебскай вобласці Кірыл пасля працяглых трэніровак з настаўнікам фізічнай культуры Аляксеем Салакам падняўся на прыступку п’эдэстала другой ступені ў выніку фінальных рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовым шматбор’і (лыжныя гонкі, падцягванне і скачкі ў даўжыню з месца) і таксама заваяваў трэцяе месца ў асабістым заліку сярод юнакоў восьмых класаў па зімнім шматбор’і «Здароўе». ■