Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па пытаннях ваеннай бяспекі

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду ў Міністэрстве абароны па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў неабходнасць абмеркаваць актуальныя пытанні па карэкціроўцы напрамкаў далейшага развіцця Узброеных Сіл у сучасных умовах. «Падкрэсліваю: карэкціроўцы», – засяродзіў ён увагу.

«Падзеі, якія адбываюцца ў сумежных дзяржавах, сведчаць пра высокую дынаміку змяненняў пагроз ваеннай бяспецы Беларусі. Трансфармуюцца погляды на прымяненне ваеннай сілы і спосабы ўзброенай барацьбы», – адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Злучаныя Штаты і іх сатэліты прадаўжаюць рэалізацыю курсу на абвастрэнне адносін фактычна з усім светам, адбываецца гарачае процістаянне з Расіяй, нарошчваецца ваенная прысутнасць паблізу Беларусі як саюзніка Расіі, праводзяцца маштабныя вучэнні.

«Пад прыкрыццём абарончай тэматыкі гэтых манеўраў адпрацоўваюць пытанні перакідкі войскаў з Амерыкі, Заходняй Еўропы, стварэння і прымянення груповак. Мы бачым сапраўдныя мэты праводзімых натаўцамі мерапрыемстваў. Па сутнасці, гэта разведка і асваенне магчымага ў будучым тэатра ваенных дзеянняў.

Паводле задумы Амерыкі, Еўропа і НАТА ўступілі ў глабальнае процістаянне з Расіяй. У гэтай барацьбе Беларусі давядзецца сутыкнуцца з беспрэцэдэнтным і доўгім эканамічным, палітычным і нават ваенным націскам», – заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ваенны націск будзе аказвацца праз Польшчу, Літву, Латвію і дыслацыраваныя там войскі НАТА, а таксама за кошт падтрымання і эскалацыі баявых дзеянняў ва Украіне. Прэзідэнт падкрэсліў, што такая абстаноўка, як ніколі, патрабуе ад беларускіх войскаў быць у гатоўнасці ў любую хвіліну даць адэкватны адказ ваенным замахам у бок Беларусі.

«Акрамя таго, мы павінны вызначыць асноўныя напрамкі далейшага развіцця нашай арміі. Зыходзім з таго, што ўзровень ваенных пагроз Беларусі на перспектыву будзе нарастаць і гэтыя меры неабходна прымаць у самыя кароткія тэрміны», – заявіў кіраўнік дзяржавы. ■

Паводле матэрыялаў БелТА