Гімназісткі Ганна Бялусь і Ангеліна Варанецкая адзначаны спецыяльнай раённай прэміяй

Люди
Адзінаццацікласніцы Браслаўскай гімназіі Ганна Бялусь і Ангеліна Варанецкая маюць шмат агульных рысаў: абедзве адказныя, добра вучацца (нават сярэдні бал аднолькавы – 9,8), цікаўныя і дапытлівыя, старанныя і мэтанакіраваныя. Гэта і паспрыяла таму, што яны яшчэ ў пачатковай школе пачалі ўдзельнічаць у прадметнай алімпіядзе, а з 5-га класа сур’ёзна заняліся беларускай мовай і літаратурай.

У Ганны матэматычны склад розуму, таму яна мае схільнасць да мовы, а не літаратуры: дзяўчына кажа, што ў ёй больш канкрэтыкі, дакладнасці, калі правіла – значыць усё па ім. Але і без творчасці, палёту фантазіі не абыходзіцца. Ангеліна ж захапляецца літаратурай: на яе думку, тут больш магчымасці паэксперыментаваць – водгук напісаць альбо буктрэйлер зрабіць. Аднак гімназісткам аднолькава падабаецца даведвацца новыя факты пра, здавалася б, добра вядомых пісьменнікаў і паэтаў ды дзяліцца імі з аднакласнікамі, мае значэнне і той дух патрыятызму, які абуджаюць лепшыя літаратурныя творы. Веды лішнімі не будуць, да таго ж уменне пісаць водгукі, упэўнена трымацца перад журы пры вусным адказе – усё гэта спрыяе вучобе і спатрэбіцца ў жыцці.

Падрыхтоўка да алімпіяды складалася як са шматлікіх заняткаў з настаўніцай Аксанай Сіўко, так і з самастойных. Асабліва многа часу яны займалі з 5-га па 7-ы класы, калі замацоўвалася база ведаў, затым ужо пайшло іх паглыбленне. На шляху да паспяховых выступленняў сустракаліся і няпростыя моманты, аднак дзяўчаты не здаваліся, не адыходзілі ад намечаных планаў, увесь час удасканальваліся. «З раённага ўзроўню хацелася выйсці на новы, і праз вялікую работу, праз упартасць нам гэта ўдалося», – кажа Ангеліна. Згодна з ёй і Ганна: «Было жаданне пацвердзіць папярэдні вынік, даказаць, у тым ліку і сабе, што ён не выпадковы, і, безумоўна, пераўзысці яго». Дзяўчат у іх імкненні моцна падтрымлівалі і дома: бацькам жа важна, каб іх дзеці дасягалі большага.

А. Варанецкая і Г. Бялусь некалькі гадоў запар займалі прызавыя месцы на раённым этапе алімпіяды, а сёлетняе запрашэнне выступіць у вобласці прынесла ім удачу: Ганна адзначана дыпломам III ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Ангеліна, атрымаўшы дыплом II ступені (да перамогі не хапіла літаральна 2 – 3 балы), удзельнічала ў заключным, рэспубліканскім этапе.

Пры ўсім гэтым гімназісткі маюць шырокае кола інтарэсаў, актыўныя ў грамадскім жыцці сваёй установы, знаходзяць час і на захапленні. Вопыт удзелу ў алімпіядным руху навучыў дзяўчат развіваць сябе, ставіць канкрэтныя мэты і ісці да іх. ■