Ніна Пучынская сустрэлася з калектывам гарадскога яслі-сада № 1

Новости
Інфармацыйная група на чале са старшынёй Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Нінай Пучынскай сустрэлася з калектывам гарадскога ясляў-сада № 1.

Асноўнай тэмай для размовы стала прыродная і гісторыка-культурная спадчына нашага раёна, а дакладней – выкарыстанне яе патэнцыялу ў сферы развіцця рэгіянальнага турызму.

Н. Пучынская адзначыла, што Беларусь – вельмі прыгожая краіна, а Браслаўшчына – яе жамчужына. І сапраўды, наш раён па праве лічыцца адным з самых прыгожых куточкаў краіны, а таму, паводле слоў старшыні райсавета, мы можам і павінны паказваць яго шматлікім гасцям.

Пэўная база для гэтага ёсць, у тым ліку і інфраструктура, якая тым не менш пастаянна ўдасканальваецца, і значныя напрацоўкі ў плане знакавых мерапрыемстваў. «Разам з тым нам ёсць і куды расці. Трэба зрабіць усё магчымае, каб турызм заняў больш годнае месца ў эканоміцы раёна і справе напаўнення мясцовага бюджэту», – сказала Н. Пучынская.

На гэтым фоне намеснік пракурора раёна Сяргей Гарбус звярнуў увагу прысутных на іншы аспект пытання. Справа ў тым, што разам з наплывам адпачываючых, як правіла, узрастае і колькасць учыненых правапарушэнняў. З гэтай нагоды ён нагадаў педагогам пра асноўныя меры перасцярогі і зрабіў акцэнт на тым, што летам, якое ўжо хутка, важнасць стварэння бяспечнага асяроддзя для дзяцей істотна павялічваецца. «Тут неабходна зладжаная работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі», – адзначыў намеснік пракурора.

Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі актуальныя пытанні пенсіённага забеспячэння, у тым ліку дадатковага добраахвотнага сацстрахавання, асаблівасці мясцовай сістэмы аховы здароўя.

«У цэлым абстаноўка ў нашым раёне спакойная, стабільная і кіруемая», –адзначыла Ніна Пучынская напрыканцы размовы. Яна падзякавала калектыву дашкольнай установы за добрасумленную, вельмі патрэбную і высакародную працу і пажадала прысутным здароўя, міру і дабрабыту. ■