Свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» адзначыць сваё 55-годдзе

Отдых
Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» – адна з самых папулярных культурных падзей на Браслаўшчыне. Сёлета творчы форум адбудзецца 4 – 5 чэрвеня і адзначыць сваё 55-годдзе.

Нагадаем, стартам свята стаў песенны конкурс у далёкім 1967 годзе. Адкрываў канцэрт зводны тысячны хор. Яго ўдзельнікамі былі працаўнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацый раёна. «Браслаўскія зарніцы» сталі новым подыхам у культурным жыцці Віцебшчыны. Пазней мерапрыемства было разнастайным па тэматыцы, але аб’яднаным назвай і часам правядзення.

Сёлета Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» пачне адлік новым творчым дасягненням. Павіншаваць браслаўчан з юбілеем прыедуць розныя калектывы. Адметна, што, нягледзячы на новаўвядзенні і рэжысёрскія задумы, арганізатарам удалося захаваць самую асноўную традыцыю: на працягу многіх гадоў удзельнікаў і гасцей свята вітае зводны хор.

Па ініцыятыве ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама і абласнога метадычнага цэнтра ў рамках фестывалю праходзіць адкрыты конкурс харавых калектываў «Браслаўская харавая асамблея». Сёлета яна адбудзецца дзясяты раз і таксама стане юбілейнай.

Па традыцыі ў рамках свята пройдзе «Меч Брачыслава», канцэрт «Баян-батл/fest», конкурс народнага танца «Паазерскія тапаткі».

Арганізатары творчага форуму абяцаюць, што браслаўчан і гасцей горада чакае некалькі прыемных сюрпрызаў, у тым ліку і выступленне аднаго з самых любімых і вядомых беларускіх калектываў – ансамбля «Песняры». Падрыхтоўка да мерапрыемства ідзе актыўна, а значыць, літаральна праз некалькі дзён горад і раён акунецца ў святочную фестывальную атмасферу. ■

Алена НАБЕЕВА