Глядзіце, як у Браславе прайшла «Ноч музеяў»

Отдых
Браслаўчане традыцыйна паўдзельнічалі ў міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Падзеі з гэтай нагоды адбыліся ў музеі традыцыйнай культуры 20 мая.

Музейныя работнікі 18 мая адзначаюць сваё прафесійнае свята, таму паўсюдна праходзіць акцыя, калі напярэдадні ці пазней жадаючыя могуць бясплатна наведаць установы культуры і пабываць на выстаўках.

Штогод да Дня музеяў браслаўчане рыхтуюць цікавае мерапрыемства. Так было і сёлета. У сценах МТК пачалі працу адразу дзве новыя выстаўкі.

Адкрыццё фотаэкспазіцыі адбылося з удзелам аўтараў здымкаў – прадстаўнікоў клуба «Старая ратуша». Фатографы з Віцебска расказалі пра свае захапленні і праект «Ты можаш», ажыццяўленнем якога яны цяпер займаюцца. Так, клуб збірае здымкі фатографаў-аматараў з усёй Беларусі. Кожны жадаючы можа даслаць свае работы і далучыцца да выстаўкі. Праект ужо пабываў у Оршы, Бешанковічах і Сянно. Яго дэманстрацыя плануецца таксама і ў іншых рэгіёнах.

Другая выстаўка была прысвечана знакамітаму мастаку з Браслаўшчыны Яну Рыдзіку. Ён пайшоў з жыцця амаль год таму назад, але застаўся жыць у сэрцах прыхільнікаў яго таленту і ў сваіх карцінах. У малой зале МТК музейныя работнікі сабралі творы Яна Рыдзікі, яго асабістыя рэчы, накіды работ, эскізы і інш. Пра жыццё і дзейнасць выдатнага творцы расказала кіраўнік народнага клуба майстроў і мастакоў «Ля возера» Наталля Парахневіч.

У рамках акцыі «Ноч музеяў» можна было пазнаёміцца і з праектам браслаўчан «Ажыві фатаграфію», які дэманструецца на 2 паверсе МТК. У яго рамках музейныя работнікі выбіралі фотаздымкі мінулага стагоддзя і стараліся паўтарыць іх: падбіралі адпаведнае адзенне, прычоскі, аксесуары. Атрымалася дастаткова цікава.

І напрыканцы акцыі – абавязкова фота на памяць пра незвычайны дзень. Для гэтага арганізатары падрыхтавалі спецыяльную дэкаратыўную зону, стылізаваную пад рэтра-студыю фатографа. ■

Алена НАБЕЕВА