Школьнікі СШ № 1 наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Кожара з канцэртнай праграмай

Новости
На працягу вучэбнага года дзеці і педагогі СШ № 1 імя А. М. Жданава правялі нямала творчых выступленняў. Аднак да чарговага майскага канцэрта «Дзякуй за Перамогу!» яны рыхтаваліся асабліва дбайна і з вялікай адказнасцю.

Гэта не дзіўна, бо святочныя нумары адрасаваліся аднаму галоўнаму гледачу – ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Івану Кожару, які змагаўся з гітлераўцамі ў 1942 – 1944 гг. у радах партызанскага атрада імя Суворава. З канцэртнай праграмай школьнікі і настаўнікі завіталі да дома па вуліцы Сасновай, дзе ва ўтульным дворыку выказалі Івану Іванавічу шчырыя словы ўдзячнасці і зладзілі музычнае выступленне, а таксама ўручылі кветкі і падарункі. Ветэран з задавальненнем падпяваў выканаўцам «Кацюшы», расказваў гасцям пра перажытае ў гады вайны і даў наказ маладому пакаленню. У завяршэнне мерапрыемства па ўсталяванай традыцыі ўсе праспявалі негалосны гімн свята – «Дзень Перамогі». ■

Жанна БЯЛЬКО