Ніна Пучынская сустрэлася з калектывам філіяла ДРБУ-142

Новости
У рамках правядзення адзінага дня інфармавання старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская сустрэлася з калектывам філіяла ДРБУ-142.

Падчас даволі працяглага дыялогу бакі закранулі многія пытанні, аднак галоўным было тое, што тычылася сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў цэлым і нашага раёна ў прыватнасці.

Гаворачы пра беларускую эканоміку, Н. Пучынская адзначыла, што тая вытрымала ціск санкцый. Больш за тое, па многіх накірунках назіраецца рост. Асабліва важна сёння, што мы забяспечваем сябе прадуктамі харчавання і значны іх аб’ём пастаўляем на экспарт.

У нацыянальным трэндзе працуе і наш раён: на Браслаўшчыне выконваюцца асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, стабільна напаўняецца бюджэт, расце сярэдняя зарплата, у поўным аб’ёме фінансуецца сацыяльная сфера.

Разам з тым ёсць і праблемы: зніжаны тэмпы вытворчасці прамысловай прадукцыі, у няпростым становішчы знаходзіцца аграрны сектар.

«У цэлым сітуацыя ў Браслаўскім раёне стабільная і кіруемая», – рэзюмавала старшыня райсавета.

Звяртаючыся да работнікаў упраўлення, Ніна Пучынская адзначыла важнасць работы дарожнікаў для рэгіёна і яго насельніцтва, падкрэсліла, што гэта сфера ў многім фарміруе ўражанне ад Браслаўскага раёна ў цэлым, і выказала ўпэўненасць, што ў нашым ДРБУ працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй сферы.

Пракурор раёна Юрый Кезік звярнуў увагу калектыву філіяла на праблему крадзяжоў металалому, недапушчальнасць кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення і карупцыйных праяўленняў. Ён прывёў канкрэтныя прыклады на гэтыя тэмы і нагадаў меры адказнасці.

Таксама на сустрэчы абмеркавалі стан спраў у сферы аховы здароўя, актуальныя аспекты працоўнай і пажарнай бяспекі. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ