Браслаўчане прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Дзеці Беларусі – ветэранам і будучым пакаленням!»

Новости
У 2021 годзе ў нашай краіне стартавала акцыя «Дзеці Беларусі – ветэранам і будучым пакаленням!» – сумеснае мерапрыемства дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая, Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры пры ўдзеле музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Працягнулася яна і сёлета, бо сарыентавана на далучэнне навучэнскай моладзі да вывучэння падзей 1941 – 1945 гг. і забеспячэнне магчымасці асабістага ўдзелу ў праектах па ўвекавечанні гісторыі Вялікай Перамогі. Свой уклад у незвычайную скарбонку памяці зрабілі і вучні Слабодкаўскай ясляў-сада – сярэдняй школы.

У рамках доўгатэрміновай акцыі прадугледжана рэалізацыя некалькіх праектаў, якія аб’ядноўваюць беларускую моладзь ва ўшанаванні подзвігу дзядоў і прадзедаў. Да прыкладу, ужо падрыхтавана і надрукавана маштабнае калекцыйнае выданне эсэ навучэнцаў «Жывая памяць удзячных пакаленняў», што складаецца з 45 тамоў, у якіх творчыя работы размеркаваны па васьмі тэматычных напрамках. Два з іх – «Чаму я ніколі не забудуся пра свята 9 Мая» і «Мая малая радзіма падчас Вялікай Айчыннай вайны» – выбралі вучаніцы Слабодкаўскай ЯССШ Каця Антонава (выпускніца) і Каця Букей. Іх эсэ размешчаны ў 24-м і 32-м тамах кніжнага выдання.

Таксама школьнікі са Слабодкі прынялі ўдзел у стварэнні рэспубліканскай карты памяці, на якой адлюстраваны помнікі ўдзельнікам і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. І цяпер на інтэрактыўнай карце можна азнаёміцца з фотаздымкамі і кароткім апісаннем пахаванняў ваеннага часу ў Рацюнках і Таропаўцы, пачытаць успаміны відавочцаў.

– Нашы дзеці ўнеслі свой уклад і ў найбольш маштабную падзею акцыі – выраб мемарыяльных знакаў «Жывая памяць удзячных пакаленняў», – расказвае дырэктар школы Ірына Гапон. – Навучэнцы актыўна збіралі савецкія медныя манеты наміналам у 1, 2, 3 і 5 капеек, якія выйшлі з абарачэння, – усяго атрымалася 243 г, яны будуць дабаўлены ў сплаў. Паводле задумкі арганізатараў, гэта дазволіць злучыць сям’ю і будучыя пакаленні кожнага, хто прынёс манету. З часам удзельнікі акцыі змогуць прывесці сваіх дзяцей і ўнукаў да памятных знакаў (іх плануюць усталяваць у Мінску, Брэсце і Маскве) і тлумачыць, што тут ёсць і іх манета. Такім чынам, помнікі стануць не толькі праяўленнем падзякі ўсім, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля мірнага неба над намі, але і ўмацуюць сувязь пакаленняў. ■

Жанна БЯЛЬКО