Экспазіцыю «Памяць жыве ў сэрцах» ужо наведалі больш за 200 чалавек

Год исторической памяти
За перыяд разгорнутай у выставачнай зале музейнага аб’яднання часовай экспазіцыі «Памяць жыве ў сэрцах», прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны, азнаёміліся з ёй звыш двухсот чалавек. На мінулым тыдні наведалі яе і прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Навуковы супрацоўнік музейнага аб’яднання Ірына Макарэвіч правяла для іх экскурсію. Падчас азнаямлення пажылых людзей з экспанатамі яна, у прыватнасці, паведаміла, што, акрамя прадметаў з асноўнай экспазіцыі, якія знаходзяцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі, часовая выстаўка сфарміравана з музейных фондаў. Тут размешчаны фатаграфіі падпольнага руху, бытавыя рэчы ваеннага перыяду (запальнічкі, лыжкі, кубкі, асвятляльныя прыборы, біклагі, кацялкі), салдацкія прадметы (каскі, процівагаз, планшэт). У асобнай вітрыне змешчаны асабістыя рэчы, узнагароды ветэрана Вялікай Айчыннай вайны земляка Васіля Васюковіча. Асобнае месца на выстаўцы займаюць і малюнкі партызана, сувязнога, разведчыка партызанскай брыгады «Спартак» Пятра Касцюкевіча, кожны з якіх суправаджаецца і аўтарскім вершам.

Пажылыя наведвальнікі экспазіцыі з вялікім інтарэсам разглядалі экспанаты, слухалі тлумачэнні экскурсавода, задавалі Ірыне Макарэвіч шмат пытанняў, абменьваліся ўспамінамі. Усе яны з таго пакалення, у якім практычна кожную сям’ю зачапіла хваля ваеннага ліхалецця. Хтосьці з родных абавязкова змагаўся з ворагам на фронце ці ў партызанах. Вядома ж, не ўсім ім пашчасціла выжыць. Ды і за час фашысцкай акупацыі на самой Браслаўшыне было знішчана 116 населеных пунктаў і каля 10 000 мірных жыхароў. ■